среда, 5 октября 2016 г.

Праца сяброў Баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы па захаванню гістарычнай памяці аб месцах і падзеях Першай сусветнай вайны


Мікалай ПАДГАЙСКІ


Так сталася, што наша зямля спрадвеку была ў віры гістарычных падзей, у эпіцэнтры супроцьстаяння усходу і захаду. Ад каранавання Міндоўга і стварэння Ліцьвінскай дзяржавы, да крывавага патопу з Палонкаўскай перамогай, ад малавядомых бітваў Паўночнай вайны да падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстанняў, рэвалюцый і сусветных войнаў прайшла гісторыя гэтых мясцін.
Падзеі, войны, астаўлялі свой след і на зямлі і ў людской памяці. Але дзе сёння той след? Дзе тая памяць? Час сцірае ўсё. Асабліва гэта тычыцца таго, што звязана з першай Сусветнай вайной. Любая ўлада імкнецца хаваць тое, што ёй не выгадна. Таму пра падзеі і людзей Другой сусветнай вайны мы ведаем значна болей, ня гледзячы на тое, што паміж гэтымі войнамі прайшло толькі тры дзесяцігоддзі часу.
Я нарадзіўся ў Адахоўшчыне праз тры дессяцігоддзі пасля заканчэння першай Сусветнай вайны, жыў якраз на былой лініі фронту. На заходнім баку нашай вёскі былі пазіцыі нямецкай армейскай групы генерала Воерша, а на ўсходнім, уздоўж Шчары, пазіцыі  расійскіх войскаў генерала Эверта. (ф.1. Кулямётны дак, па расійску гэта дот)
Калі жыхары вёскі вярнуліся з бежанства да сваіх селішч, то замест іх ўбачылі поле, перааранае асколкамі снарадаў, акопамі, хадамі зносін, спутанае бясконцай блытанінай калючага дроту. Адбудоўваліся ў першую чаргу тымі матэрыяламі, што можна было ўзяць з акопаў. Гэта драўніна, метал, бетонныя блокі – мазайкі. Каму больш пашэнціла, прывозілі з нямецкіх зямлянак металічныя хутказборныя секцыі, з якіх за дзень рабілі жытло.(ф.2) У маіх бацькоў такое жытло выкарыстоўвалася для гаспадарчых мэт да шасцідзесятых гадоў. За палякамі людзі зараблялі зборам свінцовай шрапнелі, медных элементаў са снарадаў, чорнага метала. Праца па засыпцы акопаў вельмі цяжкая, іх засыпалі толькі на палях пры асаблівай неабходнасці. Таму акопы, розных памераў ямы, варонкі ад снарадаў захоўваліся да кампаніі па меліярацыі і рэкультывацыі зямель у шасцідзесятых гадах. На вялікі жаль у выніку гэтай кампаніі былі зруйнаваны і многія могілкі першай Сусветнай вайны. Напрыклад ля Пагарэльцаў па левы бок ад дарогі на Сноў, каля Драгабыля, (Ф.3) за Бартнікамі, па левы бок ад дарогі на Вызарак, а з імі сцёртая і памяць у новых пакаленнях людзей аб першай Сусветнай вайне і яе ахвярах, простых жаўнерах, якія загінулі “за веру, цара і айчыну”.
Падрывы бліндажоў, як больш лёгкіх бетонных збудаванняў, на камень для будоўлі рабілі да шасцідзесятых гадоў, пакуль валялася многа снарадаў. (Ф.4). Пад бліндажом тут разумеецца жалезабетонная пліта таўшчынёй каля трыццаці сантыметраў, якая накрывала падземнае збудаванне. Знішчэнне знойдзеных снарадаў сапёры часта рабілі ў ДАКах. Многа ДАКаў пры гэтым было пашкоджана і разбіта. (Ф 5). Недзе ў васьмідзесятых гадах па нашай зоне (Альсевічы, Якімавічы, Дубава, Дарава, магчыма і іншых месцах) прайшлі работы па іх мэтанакіраванаму падрыву.
А колькі ДАКаў закапалі калгасы ў зямлю! Толькі на адлегласці менш кіламетра ад Адахоўшчыны закапалі два нямецкіх і адзін польскі.
Паступова забываецца, што 100 гадоў назад у кожнай нізінцы быў лужок, альбо балота. Таму будаўніцтва дарог у прыфрантавой паласе было важнай задачай. Па абодва бакі фронта будавалася сетка дарог, у тым ліку чыгуначных, вузкакалейных. Асабліва развітая сетка гэтых дарог была ў нямецкай кааліцыі. Па вузкакалейках аператыўна, незалежна ад надвор’я, дастаўляліся на лінію фронта войскі і боепрыпасы, тэхніка і будматэрыялы. Некаторыя вузкакалейкі служылі яшчэ дзесяцігоддзі пасля вайны. Па вузкакалейцы з Крывошына да Баранавіч хадзіў нават пасажырскі цягнік. Гэта чыгунка існавала да 1952 года. У многіх месцах захаваліся насыпы вузкакалейнай дарогі, у тым ліку тут каля Русін, Капанёў, у вёсцы Востраў, дзе захаваўся і будынак вакзала, у лясах ля Скробава. Па сёння выкарыстоўваюцца некаторыя шасейныя дарогі, пабудаваныя ў час вайны(Відэа 6).
Пра захавнне духоўнай памяці пачну з такога прыклада.У нашую вёску вярнуліся з вайны і жылі былыя воіны Расійскай Імператарскай арміі, якія мелі ўзнагароды. Памятую, як прыкладна ў чацвёртым класе (1958 год) нехта з аднакласнікаў спытаў настаўніцу, як адносіцца дзяржава да гэтых узнагарод. Настаўніца сказала, што дзяржава іх не прызнае. Мы здзівіліся, бо героі перасталі прызнавацца героямі. (Ф. 7). Паглядзім на фота мемарыяла германскай кааліцыі на могілках у Каўпініцы і стан мемарыяла праз 100 гадоў. Ці вінаваты хто больш за мясцовых жыхароў, якія пахавалі сваіх родных у такім месцы і тых, хто разбурае мемарыял? Нават на тэрыторыі царквы ў Вялікіх Луках пахаванне нямецкіх воінаў занядбанае. (Ф. 8). А знішчаныя могілкі
ў Капанях, паўкіламетра адгэтуль, на тэрыторыі былога тылавога лагера нямецкай кааліцыі. Цяпер там вакол лес. На могілках добра захавалася толькі абвалоўка і ямы, ямы. (Ф. 9). А некалі там быў на кожнай магіле помнік, па цэнтру манумент з назвамі воінскіх частак. Хто гэта зрабіў, як не нашы простыя людзі? Дарэчы тыя, хто многа нацягаў помнікаў на будоўлю, вымерлі. Цікавыя могілкі нямецкай кааліцыі ў Гірмантаўцах. (Ф. 10). Там, як маленькі парк. Пляцоўка прыкладна 30 на 30 метраў, вакол якой растуць дрэвы. У трысценку з мазаек стаіць лавачка. Яшчэ ў семідзесятыя гады там было поўна магіл. Дзецям гуляць не дазвалялі. Цяпер магіл нябачна, перад лавачкай вогнішча. Але захавалася пліта па дваццацітрох гадоваму воіну з надпісам: “Тут упакаёны з мірам артылерыст Ёхан Генрых Клінк”, нумары вайсковай часткі і даты.
У цяперашніх паездках па рэгіёне мы бачым, што ўласная спадчына багатых сямействаў, як асноўны носьбіт гістарычнай памяці народа, татальна вынішчана ў гады Савецкай улады. Ад будынкаў засталіся руіны, а тое, што было ў будынках, разрабавана або знішчана. (Ф. 11)
Зыходзячы з вышэй сказанага, лічым работу па захаванню гістарычнай памяці вельмі актуальнай. Захаванне памяці пра воінскія пахаванні стаіць асабліва востра таму, што паміраюць апошнія носьбіты гэтай памяці. Нават і цяпер руйнуюцца і пускаюцца пад сельскагаспадарчае выкарыстанне воінскія могільнікі. Прыклады апошняга года - пахаванні каля былой вёскі Арэхавец N 53̊ 17,859'; E 26̊ 07,180', дзе зрабілі поле, і каля Торчыц N 53̊ 14,0152'; E 26̊ 05,163', дзе проста пачысцілі бульдозерам уздоўж вузкакалейкі. (Ф. Торшычы). Пра гэта месца цікава раскажа Міхаіл Сямёнавіч Загорскі.
Улічваючы, што сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь у плане захавання памяці абаронцаў айчыны і ахвяр войн дэмакратычнае і цывілізаванае, а магчымасці дзяржавы непараўнальныя з магчымасцямі грамадскай арганізацыі, мы пайшлі па шляху ўключэння ў працу дзяржструктур. Першачаргова збіраем інфармацыю аб месцах пахаванняў. На кожнае месца фарміруецца камплект аудыа і відэаматэрыялаў, сведчанняў, на базе якіх складаецца акт з вынікамі даследвання для накіравання ў дзяржаўныя установы.
У 2014годзе падалі з пісьмом да старшыні райвыканкама тры акты. Гэта №2 пра воінскія могілкі ў Вольна, №19 пра напаўразбураны помнік у Вялікай Сваротве і №21 пра Скробава. Па помніку ў Вялікай Сваротве падрабязна даложыць Сырыца В.А. Па акту №21 пра Скробава райвыканкамам было адказана ў прыёме па прычыне таго, што там ёсць помнік. Але пазней гэты акт прайшоў праз управу па ўвекавечанню і па ім у гэтым годзе адпраўлены інфармацыйны ліст у 25 батальён, які займаецца даследваннем воінскіх пахаванняў.
Па Вольна у 2014 годзе ваенкамат саставіў інфармацыйны ліст у 25 батальён, з якога ў 2015годзе прыязджалі сапёры і працавалі з першага па трэцяе чэрвеня з мэтай вызначэння граніц воінскіх пахаванняў. Нічога не знайшлі. Нам не паведамілі. Мы даведаліся толькі праз месяц. У акце аб выніках пашуковых работ напісана, што выкапалі 16 шурфоў 1х1х1 метр. Нас здзівіла малая глыбіня шурфоў, бо пахаванні рабіліся ў тыле, з ушанаваннем, тым больш ахвяр газавай атакі. Паехалі на месца са старшынёй сельсавета Кістанавай А.П. Ніякіх слядоў шаснаццаці копак 1х1х1 метр мы не заўважылі. Расце трава. Бачылі толькі нязначныя пашкоджанні паверхні грунта. Але самае цікавае, што там, дзе павінны былі капаць сапёры, тры дні назад капалі магілу і пад канец копкі натрапілі на труну. Кантроль работы сапёраў вяла супрацоўніца сельсавета і настойвала што раскопы праводзіліся. Таму ў акце па выніку гэтай праверкі мы напісалі, што работы праводзіліся фармальна. Экземпляры акта пайшлі ў ваенкамат, сельсавет і з пісьмом ад 10.08. камандзіру часткі. Хутка прышоў адказ камандзіра часткі, што 24.08. будуць зноў накіраваны тры чалавекі. Работы пачаліся 25.08. Кантроль работ вёў Віктар Сырыца, зняў фатаграфіі. Сухі гліністы грунт такі цвёрды, што без лома не капаецца. За дзень выкапана некалькі ям глыбінёй менш метра. Быў вялікі сумніў у магчымасці рашэння пастаўленай задачы. Таму на наступны дзень Віктар Антонавіч з заявай і фатаграфіямі пайшоў да ваенкома, каб дамовіцца аб сумеснай прыёмцы работ сапёраў. Ваенком абяцаў пазваніць камандзіру часткі, каб даў сапёрам падмогу, але сказаў, што 27.08. прысутнічаць не можа ў сувязі з прыездам прэзідэнта. 27 жніўня у апошнім шурфе на глыбіні каля 1,5 метраў натрапілі на рад пахаванняў. У рове стаяць труна да труны. На наступным тыдні 31.08. прыехалі сем чалавек сапёраў. У сувязі з занятасцю школьных памяшканняў сельвыканкам меў складанасці з размяшчэннем людзей і пасцельнымі прыналежнасцямі, пасяліў іх у сваёй зале. Сапёры працавалі два дні. Даследвалі два рады пахаванняў каля ста воінаў Расійскай Імператарскай арміі. У другі дзень ход работ работ мы не кантралявалі. Камандзір тэлефанаваў, расказваў пра работу на другім радзе ў шурфах глыбінёй два метры. На наступны дзень 03.09. мы планавалі прыехаць каля 12 гадзін, прымаць работу. У 9 гадзін тэлефануе камандзір, што ў 13 гадзін будзе пахаванне, дазвольце засыпаць шурфы. Я дазволіў. Праз паўгадзіны перадумаў, бо трэба пракантраляваць шурфы па ўсёй плошчы могілкаў, якую паказаў мясцовы жыхар Аляксандр Сімончык, а пасля прыняць рашэнне па далейшай рабоце. Да трынаццаці яшчэ больш за тры гадзіны. Пазваніў камандзіру. Той кажа: “Ўсё засыпаў”. Значыць засыпаў магчымыя аргументы для працягу раскопаў. Праз гадзіну мы з Бернатам М.Я. і Татаранкам А.М. былі на могілках. Параіўшыся з сапёрамі рашылі, што інфармацыі дастаткова, каб адкрыць мемарыял. Таму прынялі рашэнне лічыць задачу сапёраў выкананай. Аб гэтым саставілі акт ад 03.09. і накіравалі зацікаўленым. Матэрыял пра работу сапёраў у Вольна быў на сайце Інтэкс Прэс. (ф. 12)
Па Драгабылю. Там немцы паставілі вялікі помнік з пяці гранітных секцый. На кожнай секцыі выбіты надпісы. У 2014 годзе з Германіі прыязджала былая жыхарка нашага горада Нямера Ірына Іванаўна, якая працуе там доктарам. З яе ўдзелам мы пачысцілі той помнік і перапісалі ўсе надпісы. На помніку 55 імён нямецкіх і 7 расійскіх, у тым ліку два расійскіх невядомы. Ірына Іванаўна размясціла тэксты ў інтэрнеце, а для нас зрабіла пераклад на рускую мову, які цяпер на стэндзе. Дарэчы на гэтым помніку ёсць ключавая фраза цывілізаванага падыходу да воінскіх пахаванняў: “Кожная магіла героя – святая зямля”.  (Ф. 13).
Па акту №1 пра Пагарэльцы было накіравана пісьмо ў Нясвіжскі райвыканкам. У адказе паведамлялася, што Сноўскаму сельвыканкаму дано распараджэнне спыніць паўторныя пахаванні. Пазней было тэлефанаванне з Нясвіжскага ваенкамата аб тым, што раскопкі праводзіцца не будуць, у іх няма неабходнасці. Намеснік старшыні райвыканкама па ідэалогіі Мацэль М.М. па тэлефоне паведаміў, што восенню будуць арганізаваны работы па добраўпарадкаванню магіл. Мы будзем прымаць удзел у гэтых работах. Уладзімір Багданаў прыслаў нам фота трох надмагільных пліт з перакладам польскіх тэкстаў. Яны цяпер на стэндзе. Ураджэнец Пагарэльцаў, Казак Вячаслаў Іларыёнавіч, які паведаміў пра могілкі, казаў, што пліты былі на ўсіх магілах, але каторыя ўраслі ў зямлю, а частку расцягнупі на фундаменты. Тры тыдні назад, 31 жніўня, пры заходзе сонца, я быў на Пагарэльскіх могілках і зрабіў фота некаторых надмагільных пліт. Усе надпісы
на плітах на польскай мове. На могілках парадак. Трава скошаная і прыбрана. Цікава, што мясцовая школа даглядае магілу воіна афганца, а да воінскіх могілак, дзе 86 магіл, увагі няма. (ф. 14)
Па Ляхавіцкаму раёну даследавана чацьвёра воінскіх могілак. Пра самыя цікавыя будзе даклад Мікалая Салагуба. Вось пра гэта месца каля Мініч (ф.15) нам казалі што там пасля раскопаў магіл было бела ад касцей. Знайшоўся нехта добры, хто закапаў костачкі і паставіў такі крыжык з палак.
У працэсе працы па былой сядзібе Уладзіслава Слізня ў Бартніках, будаванай з дрэва ў канцы васемнаццатага стагоддзя, нам было два адказы на пісьмы ў райвыканкам і адзін на пісьмо ў мінкультуры. У выніку разабраліся, што сядзіба не можа прэтэндаваць на статус гісторыка культурнай каштоўнасці ў першую чаргу па прычыне адсутнасці адпаведнага гаспадара. Падобна, што сядзіба стане аб’ектам турыстычнай інфраструктуры. (ф. 16)
Рабілі спробы знайсці нямецкіх, альбо Аўстрыйскіх спонсараў для добраўпарадкавання могілак воінаў Германскай кааліцыі. Народны саюз Германіі, які займаецца гэтай справай, не праявіў зацікаўленасці. Быцца бы няма грошай. На пісьмо ў Ганаровы кансулят Аўстрыі, ў якім запытвалі, якая арганізацыя займаецца добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў, нават не было адказу.
Ірына Дубейка прыслала некалькі архіўных карт пахаванняў і спіскі пахаваных па Ляхавіцкаму і Баранавіцкаму раёну. Мы па іх яшчэ не працавалі, але карты па Ляхавіцкаму хоць зразу падавай у райвыканкам.
Актуальная задача на бліжэйшае будучае – абазначэнне месца пахаванняў. Пра цікавы досвед Ніны і Міхаіла Загорскіх раскажа ў дакладзе Міхаіл Сямёнавіч. Звычайна кажуць, што самае галоўнае, каб стаяў крыж з таблічкай, каб служылася малітва за загінуўшых. Так і робяць гэтыя паважаныя людзі.

Усяго ў 2015 годзе па нашай рабоце адпраўлена ў 25 спецбатальён сем інфармацыйных лістоў. Усе яны па пахаваннях Расійскай Імператарскай арміі, ў тым ліку адзін па змешаным пахаванні ў Драгабылі. Гэта ў лютым месяцы мы завезлі пісьмо і 7 актаў ва ўправу па увекавечанню, якія пазней былі перасланы ў наш ваенкамат. За два гады сябрамі ТБМ падрыхтаваны дакументы на 35 пахаванняў. Паступова наладжваецца канструктыўнае ўзаімадзеянне з дзяжаўнымі структурамі. На перадзе многа работы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий