Пераможнай бітве пад Палонкай 355
Віктар СЫРЫЦА
старшыня Баранавіцкай РадыТаварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны
Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч, вывучаючы падзеі 1654-1667 гадоў, назваў сваю кнігу “Невядомая вайна”.
Для беларускага народа самая жудасная вайнаў яго гісторыі і сёння застаецца невядомай.
Пачатак вайны 1654-1667 гг.
Казацка-сялянская
антыфеадальная вайна 1648-1651 гг. стала пачаткам разбуральнага веку ў гісторыі
Беларусі. За ёй пачалася яшчэ больш страшная вайна 1654-1667 гг., у якой
загінула больш за палову тагачаснага насельніцтва Беларусі. З гэтай вайны і
пачаўся заняпад магутнасці як Рэчы Паспалітай, так і Вялікага каняства
Літоўскага. У 1654 г .
вайну з Рэччу Паспалітай распачаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч, які хацеў
далучыць беларускія і ўкраінскія землі да сваёй дзяржавы і атрымаць выйсце да
Балтыйскага мора. У Маскве яшчэ задоўга да таго звярталі ўвагу на слабасць Рэчы
Паспалітай, што абяцала магчымасць рэваншу за паразы пачатку XVII ст. Поспехі
царскіх войскаў у 1654-1655 г г.
перасягнулі самыя смелыя спадзяванні. Удалося захапіць амаль усё Вялікае
княства Літоўскае. Не паддаліся толькі Стары Быхаў, Слуцк, Ляхавічы, Нясвіж. 31
ліпеня 1655 года была захоплена Вільня і цар Аляксей Міхайлавіч абвясціў сябе
Вялікім князем літоўскім. Марш царскіх арміяў быў прыпынены толькі ўваходам
улетку 1655 г .
у польскія межы шведаў, чыёю мэтай, сярод іншага, было – загарадзіць пераможнай
Маскве дарогу да балтыйскага ўзбярэжжа. Шведскае нашэсце прывяло да спынення
ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Масквою, якая глядзела на экспансію
скандынаваў без сімпатыяў. У лістападдзе 1656 г . у Нямежы пад Вільняю было заключана
замірэнне. Рэч Паспалітая пагаджалася на вельмі цяжкія ўмовы: прызнавала за
царом тытул Вялікага князя літоўскага, пагаджалася з ягонаю ўладай над
украінскімі і беларускімі землямі, абавязвалася абраць цара на найбліжэйшым
сойме каралём польскім. Масква за тое спыняла ваенныя дзеянні супраць Рэчы
Паспалітай і распачынала ў Прыбалтыцы вайну са шведамі.
Рэч Паспалітая
пагадзілася на такія цяжкія ўмовы толькі з прычыны шведскай пагрозы. Калі гэтая
пагроза аддалілася, Рэч Паспалітая пачала рабіць захады дзеля пераможнага
заканчэння вайны з Масквою. Варшаве ўдалося перацягнуць на свой бок казакоў: у
верасні 1658 г .
у Гадзячы была заключана унія, паводле якой новы казацкі гетман Іван Выгоўскі
разам з казакамі станавіўся на бок польскага караля. Падначалены яму палкоўнік
Іван Нячай пачаў вайну з маскоўскімі войскамі ў Беларусі. Сітуацыя ў беларускіх
землях для маскоўскага войска значна пагоршылася. Таму над маскоўскім войскам
быў пастаўлены вопытны ваявода Іван Хаванскі. Ён захапіў Горадню, а затым
Берасце. Апошні горад быў “да найменшага будынка... разбураны, спалены і ў
нішто ператвораны”.
20 сакавіка 1660 года 30-тысячная маскоўская раць падышла
да Ляхавіцкага замка, каб захапіць гэтую магутную фартэцыю і апошнюю цытадэль
беларускага супраціва. Але чатырохтысячны гарнізон на чале з камендантам
Станіславам Юдзіцкім, маючы моцную артылерыю, мужна бараніўся і наносіў вялікія
страты праціўніку.
Усе сілы
Польшчы былі занятыя вайной з украінскімі казакамі і шведамі. Таму першыя,
найбольш цяжкія гады, вайны Беларусь практычна ў адзіноце спрабавала
супрацьстаяць шматтысячным маскоўска-казацка-татарскім ордам ды нямецкім
наймітам. Але ў траўні 1660 года, пасля шэрагу перамог над Карлам Густавам,
паміж Варшавай і Стакгольмам быў нарэшце падпісаны мірны трактат. I цяпер
Польшча магла вылучыць частку сілаў для дапамогі скрываўленаму Вялікаму
Княству. На Берасцейшчыну, дзе змагалася войска гетмана Паўла Сапегі (каля 8
тысяч ваяроў) быў накіраваны ўкраінскі ваявода Стэфан Чарнецкі з 4-тысячнай
дывізіяй.
![]() |
Аблога Ляхавіч у 1660 годзе. Гравюра XVII ст. |
Палонкаўская бітва 28.06.1660 г.
![]() |
Гетман Павал Сапега. Украінскі ваявода Стэфан Чарнецкі. |
З вечара 27 чэрвеня дывізіі Сапегі і Чарнецкага сталі ў баявыя шыхты. Цэнтр заняло войска Чарнецкага. На крылах пазіцыі размясціліся сапегаўцы: на правым – жаўнеры пад камандай Вайніловіча, на левым – на чале з Палубінскім. Маскоўскі ж ваявода ў цэнтры свайго войска паставіў пяхотнікаў і вершнікаў-рэйтараў, на левым крыле – конніцу князя Шчарбатага, а вершнікаў правага крыла ўзначаліў сам.
![]() |
Схема бітвы 1660 пад Палонкай. |
А 8 гадзіны раніцы 28 чэрвеня 1660 года Іван Хаванскі, які меў войска больш як 20 тысяч чалавек, распачаў бітву. Першай пайшла ў атаку конніца той беларускай шляхты, якая яшчэ раней была змушаная прысягнуць на вернасць маскоўскаму цару. У часе пераправы цераз балоцістую рэчку яна трапіла пад моцны агонь рушніц, а затым была разбітая контратакай ваяроў Чарнецкага. Сам правадыр “прысяжнай шляхты” трапіў у палон. На дапамогу маскоўцы паслалі 6 тысяч пяхотнікаў. Ды на пераправе цераз тую ж рэчку яны былі заатакаваныя беларускімі і польскімі гусарамі. Вершнікі ў вадзе і на прыбярэжжы секлі ратнікаў Хаванскага. Пад агнём маскоўскай артылерыі пайшло ў наступ левае крыло беларускага войска. Грузнучы ў балоце, коштам вялікіх стратаў гусары Палубінскага прарваліся на сухазем’е. Прарваліся наперад таксама войскі цэнтра і правага крыла.
![]() |
Вялікалітоўскія гусар і мушкетнік
з войска Паўла Сапегі.
|
Маскоўцы напачатку таксама націскалі з вялікім імпэтам. Ім, ужо прывыклым да перамог у гэтай вайне, калі амаль увесь беларускі край ляжаў пад нагамі, не выпадала ганьбіць сябе паразай. Але нашая зацятасць, нашая рашучасць адпомсціць за знішчаную, высечаную, змардаваную Бацькаўшчыну, за былыя няўдачы і прыніжэнні былі мацнейшыя. Вось ужо маскоўскі ваявода Хаванскі паранены шабляй у галаву. Вось ужо радзеюць варожыя шыхты. Гасне бляск у баярскіх вачах, з’явілася разгубленасць на іх тварах. А тут харугвы Вайніловіча зайшлі збоку і імкліва ўдарылі ў фланг, потым зайшлі з тылу. I, нарэшце, праціўнік асаджвае разгарачаных коней, паварочвае назад. А нашы гусары і панцырныя нястрымна рвуцца наперад, і рукі з шаблямі не адчуваюць стомы. Жаўнеры Вайніловіча пры атацы натрапілі на маскоўскую пяхоту з артылерыяй, што замацавалася ў фальварку. Удзельнік бітвы пад Палонкай пазней успамінаў гэты момант: “Позна было агонь даваць, калі ляцеў град куль. Палеглі забітымі шмат жаўнераў, шмат атрымалі раненні. Але яшчэ з большым імпэтам пайшлі мы на іх, бо ўбачылі, што ледзь не ўсе загінем, калі спіны пакажам (гэта значыць, калі кінуцца ўцякаць). I ваяры Вайніловіча лезлі ў агонь, у самае пекла бою, ды так і змяшаліся з маскоўцамі, як зерне з сечкай”. Выбітых з такой цяжкасцю з фальварка маскоўскіх пяхотнікаў дабівала ў чыстым полі конніца. “Цяжка было раз’юшаным жаўнерам звязаць рукі і выбілі яны тры тысячы да аднаго”, – быццам апраўдваючыся, пісаў потым Павел Сапега.
Пыхлівыя
заваёўнікі ратаваліся ўцёкамі, гінучы пад шаблямі сапегаўцаў і ваяроў
Чарнецкага. Трапіў у палон Шчарбаты, загінуў другі маскоўскі ваявода – Змееў,
які з-пад Нясвіжа прыйшоў на дапамогу Хаванскаму.
Пасля вырашальнай бітвы 1660 года пад Палонкай
З дзвюма шабельнымі ранамі галавы сам Хаванскі панічна пабег пад Ляхавічы.
Ён хацеў прыхапіць
рэшту ацалелага войска і пад яго аслонай уратавацца. Наступнай ночы ён быў ужо
ў Менску. Адтуль рушыў далей на ўсход. Дыханне перавёў толькі ў Смаленску.
У кінутым
уцекачамі лагеры пад Ляхавічамі пераможцам дасталіся вялізныя трафеі. Асабліва
радаваўся Павел Сапега шматлікай артылерыі, запасам пораху. Было тут таксама
багата мукі і больш як сем тысяч нарабаваных у сялян кароў. Паводле сведчання
Шчарбатага, пад Палонкай загінула 16 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром
галоўнай царскай арміі, якая тады дзейнічала ў Беларусі, і карэнны пералом у
ходзе вайны 1654-1667 гг. Ад Палонкі пачалося выгнанне маскавітаў з нашай
зямлі. У тылах праціўніка з новай сілай разгарнулася народная партызанская
барацьба. Неўзабаве войскі Сапегі і Чарнецкага былі ўжо пад Барысавам. Гэтым жа
летам вызваленне святкавалі яшчэ ацалелыя жыхары гарадоў Крычава, Шклова,
Амсціслава.
На
Падняпроўі і Падзвінні пад акупацыяй яшчэ заставаліся некаторыя абшары і такія
гарады, як Полацак і Віцебск, але вайна ўжо хілілася да свайго канца. Яшчэ
некалькі гадоў працягваліся паходы і бітвы. Былі бліскучыя перамогі, здараліся
і паразы. I нарэшце на самым пачатку 1667 года ў вёсцы Андросаве пад Смаленскам
паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было падпісанае замірэнне. Да
Масквы адыходзілі ўсходнебеларускія землі – Смаленшчына і заходняя Браншчына, а
таксама левабярэжная Украіна і Кіеў. Беларускія землі засталіся ў складзе Рычы
Паспалітай, але страцілі больш за палову свайго насельніцтва. Маскоўскаму цару
не ўдалося здзейсніць свой асноўны намер – захапіць усю Беларусь і дабіцца
выйсця да Балтыйскага мора.
![]() |
Схема ваеннай кампаніі 1660 года з кнігі Міхася Чарняўскага “Дзясяць бітваў”. |
![]() |
Так нашчадкі ліцьвінаў ушаноўваюць памяць змагароў за незалежнасць і свабоду Бацькаўшчыны.
|
Комментариев нет:
Отправить комментарий