пятница, 18 сентября 2015 г.

Дом Слізнёвых у вёсцы Бартнікі – сведка падзей нашай гісторыі і культуры




Мікалай ПАДГАЙСКІ


Пад час краязнаўчых вандровак з удзелам былога жыхара вёскі Бартнікі, сябра саюза пісьменнікаў Беларусі Амялішкі Міхася Васільевіча 1929 года нараджэння, высветлілася, што дом на краю вёскі, ў якім жыла сям’я бацькоў спадара Міхася, належаў некалі даўно гаспадарам Слізням, вельмі паважаным людзям нашага краю.
 Слізні – гэта тыя самыя патрыёты Беларусі, якія актыўна ўдзельнічалі ў руху філаматаў і філарэтаў. Рух гэты быў накіраваны, як вядома, на абуджэнне нацыянальнай свядомасці. Філаматаў і філарэтаў у Віленскім універсітэце натхніў на гэту працу выкладчык славіст Міхась Баброўскі. А арганізавалі ў адно цэлае філаматаў і філарэтаў Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Вось гэтыя людзі, якія для Беларусі з’яўляюцца героямі і пакутнікамі, пачалі тое, што мы сёння называем Рэспубліка Беларусь. Яны абудзілі нацыянальную свядомасць Дуніна-Марцынкевіча і Францішка Багушэвіча, а гэтыя ў сваю чаргу натхнілі цэлы гурт бацькоў нацыі, як Янка Лучына, Вацлаў Іваноўскі, Вацлаў Ластоўскі і многія іншыя, ў выніку працы якіх была аб’яўлена БНР. Тады бальшавікі, ведаючы, што беларусы ўсё ж такі ёсць народам, вымушаны былі арганізаваць урэзаную, з шасці паветаў, Беларускую Сацыялістычную рэспубліку. Іначай бы нам не бачыць і не чуць сваёй дзяржаўнасці.

 Радавод Слізняў

 Дакументальна падцверджаныя вытокі рода земляўладальнікаў Слізняў дасягаюць 14 стагоддзя, часоў караля Уладзіслава Ягайлы, які падараваў Андрэю Радшы Слізеню маёнткі ў Смаленскім ваяводстве. Наступныя пакаленні Слізняў былі земляўладальнікамі ў розных рэгіёнах ВКЛ і высокапасадоўцамі ў кіраўніцтве дзяржавы. У 1771 годзе па даравальнаму запісу Міхала Дамаслоўскага маёнтак Вольна з дваром Бартнікі, Рабкавічамі, Залессем і Пархімовічамі перайшоў Сцяпану Слізеню. У першай трэці 19 стагоддзя багатым маёнткам Вольна, з дзьвумя тысячамі дзесяцін зямлі, валодаў харунжы Навагрудскага уезда Ян Слізень.
 Ён, Ян Слізень, і пабудаваў у канцы 18 стагоддзя Бартніцкі маёнтак для свайго сына Уладзіслава, служачага Гарадзенскай грамадзянскай палаты. Выбраў маляўнічае месца на пагорках з краю вёскі. Сядзіба мела два драўляныя дамы на шэсць пакояў і флігель, гонтам крытыя, хлеў, скотны двор, канюшню, вінакурню, карчму і іншыя пабудовы. У паўночным доме, які захаваўся, жылі Слізні, а ў паўднёвым доме жыла прыслуга. Паміж дамамі быў круглы дзядзінец, абсаджаны каштанамі.
 У гэтым маёнтку ў 1804 годзе нарадзіўся Рафал Слізень, вядомы скульптар, графік і архітэктар, майстар барэльефаў, чалавек высокіх ідэалаў. Работы яго захоўваюцца цяпер у лепшых музеях Варшавы і іншых гарадоў. Родны брат Рафала Отта, вядомы філарэт, вывучаў у Віленскім універсітэце фізіку. Таму на сядзібе ў час летніх канікул жылі сябры маладых Слізняў. Сярод іх быў Тамаш Зан і магчыма Адам Міцкевіч. Пасля суда над філарэтамі тут збіралі ім грошы.
 У 1841 годзе па вяртанні са ссылкі з Уфы ў гэтым маёнтку цэлы год жыў Ян Чачот, лепшы сябра Адама Міцкевіча і пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры. У 1844 годзе Ян Чачот зноў быў у Бартніках. Захаваўся ліст Яна Чачота да Юзэфы Слізень, дзе ён просіць паненку Юзэфу запісаць мясцовыя песні і прыслаць яму, каб уключыць у зборнік. 
 Цёплыя ўспаміны аб маёнтку пакінуў Ігнат Дамейка, калі ў жніўні 1884 года ў час свайго візіта з Чылі ў Беларусь гасцяваў у хворага гаспадара дома, які ў рангу падпалкоўніка выйшаў у адстаўку са службы на царскім флоце. На парозе Бартніцкага дома Дамейку тады сустракаў Отта Слізень. Ігнат Дамейка быў не толькі сябрам Слізняў па Віленскаму універсітэту, філарэцкаму руху, але і сваяком. Панна Юзэфа, дачка Уладзіслава Слізеня выйшла замуж за Міхала Дамейку, брата Ігната. Ва ўспамінах выгнанніка («Вяртанне з Чылі ў Еўропу ў1884 годзе») ён успамінаў гэты жнівенскі дзень: «навакол новы парк, газоны, кветкавыя клумбы, пакручастыя дарожкі, як у французкіх садах. У новым доме сардэчна прыняў мяне гаспадар, самы малодшы з сыноў пана харунжага, яго, гаспадара, я памятаю яшчэ дзіцем. Цяпер ён - заслужаны афіцэр расійскага марскога флота, ўжо састарэўшы, хворы. З ім на ганак выйшаў таксама Отта Слізень, мой Віленскі таварыш, філарэт, пасівеўшы, ўжо журботны…»; «ўсё тут памянялася… На абедзе пілі мы стары мёд, добрае венгерскае, абдымаліся, ўспамінаючы былыя часы. сардэчна прымалі Тамаша Зана, сябра дома, былога віленскага гувернёра маладых Слізняў, як прыемна весяліліся. Быў тут і маленькі тэатр, спяваліся філарэцкія песні. Пасля абеду пайшоў я…  да блізкага гаю на ўзвышку, дзе … калісці тут Чачот і Зан дэкламавалі свае і Міцкевіча вершы».
 Цікавая легенда пра гаспадара дома, былога афіцэра флота. Яго імя нам не вядома. Міхась Амялішка ў сваім рамане-ўспаміне «Заблудныя» назваў яго Эдуардам. Гісторыю, падрабязна і прыгожа апісаную ў рамане, расказала бабуля Міхася Амялішкі Юлія Абрамчык. Яе бацька Абрамчык Аўгусцін, са збяднелай шляхты, 40 гадоў працаваў упраўляючым у Слізняў, вядома быў у курсе іх сямейных спраў.
 Марскі афіцэр Эдуард, будучы яшчэ маладым хлопцам, часцяком гасцяваў у сваіх дзядзькоў Вальнянскіх Слізняў і назіраў, як там падрастае і становіцца ўсё прыгажэйшай паненка Крысціна. На апошнім годзе службы, калі Эдуард прыязджаў у адпачынак, паміж маладымі людзьмі ўзнікла вялікае каханне. Праз год, пры вырашэнні пытання шлюбу, ксёндз не даў благаслаўлення, бо Крысціна і Эдуард былі дваюрадныя брат і сястра. Адказ на пісьмо да Папы Рымскага, які прыйшоў яшчэ праз год, «дазваляю, але не благаслаўляю», таксама быў фактычна адмоўны, бо без благаслаўлення не магло быць шлюбу. Эдуард спрабаваў застрэліцца, але застаўся жыць без вока і не жаніўся. Магчыма таму ён, як хворы, і не сустракаў Ігната Дамейку на ганку дома. А Крысціну адправілі жыць у Вашаву і далейшы яе лёс нам невядомы.
 У 1914 годзе маёнтак належаў Івану і Вальдэмару Слізням. Прамых спадкаемцаў у так званага Эдуарда не было, Таму ў маёнтку відаць ніхто з гаспадароў не жыў.
 Так атрымалася, шго па Бартніцкіх пагорках у гады Першай сусветнай вайны прайшла адна з ліній абароны войскаў Расійскай Імператарскай арміі. На тэрыторыі маёнтка былі выкапаны акопы, пабудаваны зямлянкі, іншыя невядомыя нам абарончыя збудаванні, аб якіх сведчаць заплыўшыя равы і ямы за домам з усходняга боку, дзе цяпер растуць вялікія дрэвы. Адзін акоп праходзіў з паўночнага боку дома каля альтанкі да вялікай зямлянкі. Як выкарыстоўваўся войскамі дом нам невядома. Пасля вайны яго ўладальнікі вальнянскія Слізні не жылі ў маёнтку Бартнікі. Засыпка акопаў лапатамі была вельмі працаёмкай і цяжкай работай, таму без асаблівай неабходнасці яе не рабілі. Пустуючы маёнтак паступова прыходзіў у непрыгоднасць.
 Калі ў канцы двадцатых гадоў паўстала пытанне аб продажы маёнтка, то сям'я Абрамчыкаў, як блізкіх сяброў Слізняў, дружыўшых сем'ямі, была першым пакупніком. Яны купілі цэнтральную частку маёнтка, а гаспадар Яцкевіч купіў вінакурню – двухпавярховы каменны дом каля сажалкі і поргаб для захоўвання він.У маі 1929 года Васіль Амялішка з жонкай Надзеяй (з Абрамчыкаў) і дзецьмі пасяліліся ў маёнтку. Перад продажам пані Слізнёва спілавала парк і прадала драўніну мясцовым сялянам. Альтанка, якая была самым высокім будынкам у маёнтку, пры продажы разабрана на цэглу, захаваўся толькі самы ніз. У Васілёвым уладанні было два драўляныя дамы, кароўнік, стадола (вялікае гумно), вялікі цагляны пограб. Кароўнік і стадола былі ў вельмі дрэнным стане - рушыліся, бо доўга стаялі без догляду. Раней у паўднёвым доме кватэравала прыслуга, а ў паўночным, які захаваўся, жылі Слізні. Паміж дамамі быў круглы дзядзінец абсаджаны старымі каштанамі. На жаль лютай зімой 1939 – 40 гадоў амаль усе каштаны вымерзлі. З паўднёвага дома Васіль Амялішка зрабіў хлеў і іншыя гаспадарчыя пабудовы, а ў паўночным доме жыла сям'я. На месцы спілаванага парка сталі расці маладыя дрэвы.
 Дом, былой вінакурні, які купіў у пані Слізнёвай спадар Яцкевіч, у час вайны спалілі партызаны.
 Але мы радуемся, што хай сабе засталіся й рэшткі Слізнёўскай сядзібы, але, тым не менш, яны ёсць нам напамін, яны ўяўляюць гісторыка- культурную каштоўнасць. Аб гэтым павінны паклапаціцца як раённыя кіраўнікі, так і міністэрства культуры. Але гісторыя йшла далей.
 У 1940 - 41 гадах у доме Амялішкаў працавала пачатковая школа, у якой вучыўся і Міхась Васільевіч. Школа была беларуская, пісалі лацініцай.
 З зімы 1941 – 42 гадоў па весну 1943 года ў доме быў медпункт, у якім яўрэйскія дактары, муж з жонкай Фелеры і доктар са сваёй маці, імёны якіх невядомы, лячылі людзей. Жылі дактары ў гэтым жа доме. Ноччу, вясной 1943 года, паліцыянты пасадзілі дактароў на вазы і павезлі. Ёсць сведчанні, што іх расстралялі ў Вальнянскім лесе, каб не ўцяклі ў партызаны.
 Вясной 1944 года ў адным з захаваўшыхся акопаў Першай сусветнай вайны абсталявалі такі ложак, дзе начавалі, хаваючыся ад партызан, Міхась Амялішка і Васіль Жанкевіч, якім было тады па 14 – 15 гадоў.
 Калі ў 1944 годзе йшоў фронт, ад якога гаспадары Амялішкі схаваліся ў балоце, пабудовы з саламянымі стрэхамі былі падпалены ўзброеным чалавекам і згарэлі. Дом, крыты гонтам, застаўся. Ў доме часова ўсталяваўся штаб вайсковай часткі Савецкай арміі. Штаб з'ехаў з сядзібы пры далейшым наступе войскаў.
 Пасля вайны Васіль Амялішка адбудаваў спаленае і працаваў у калгасе. Сыны Мікалай і Міхаіл пайшлі вучыцца. Мікалай стаў галоўным інжынерам службы шляху Беларускай чыгункі, а Міхаіл выкладчыкам Гарадзенскага сельгаспадарчага інстытута. Дачка Соня выйшла замуж за марака і пражыла жыццё ў Калінінградзе.
 Васіль Амялішка апошнія гады жыцця жыў у сына Міхаіла ў Гродне. Бартніцкі дом перайшоў па спадчыне Міхасю, які прадаў яго сям'і Шараметаў у 1973 годзе.
 Міхась Васільевіч Амялішка, цяпер сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, напісаў раман – успамін «Заблудныя» ў двух частках, дзе падрабязна апісвае вышэй памянёныя падзеі.
 Улічваючы старадаўнасць былога дома Слізняў, зробленага з дрэва па тэхналогіях 18 стагоддзя, і гісторыю гэтага месца, трэба прыдаць яму статус гісторыка – культурнай каштоўнасці. Пры выкананні неабходных мерапрыемстваў гэта сядзіба можа быць элементам турыстычнай інфраструктуры Брэсцкай вобласці.


Літаратура:
 1. Старинные усадьбы Берестейщины / А.Т.Федорук; ред. Т.Г.Мартыненко. – 2-е изд. -  Минск : БелЭн, 2006 – 576 с. : ил.
2. Заблудныя: раман - успамін / Міхась Амялішка. - Мінск: Кнігазбор, 2009. – 176 с.
 3. Заблудныя : раман – успамін : кн.2 / Міхась Амялішка. – Мінск : Кнігазбор, 2011. – 160 с.


15.07.2014 г.

Комментариев нет:

Отправить комментарий