Першая сусветная вайна на фотаздымках Язэпа Стаброўскага
Сяргей ЧЫГРЫН (Слонім)
![]() |
Язэп Стаброўскі (1870-1968). |
100 гадоў
таму — 1 жніўня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. З пачаткам яе ў
Беларусі разгарнулася мабілізацыя вайсковаабавязаных беларусаў на вайну. З
аб’яўленнем мабілізацыі 17 ліпеня 1914 года і ў адпаведнасці з сакрэтным
прадпісаннем камандзіра трэцяй грэнадзёрскай артылерыйскай брыгады на выпадак
вайны за № 675, выдадзенае ў 1913 годзе, на вайну быў мабілізаваны і Язэп
Стаброўскі (1870-1968) са Слоніма. Той самы Язэп Стаброўскі, які вучыўся ў Полацкім
кадэцкім корпусе, а потым працягваў вучобу ў Аляксандрыйскім артылерыйскім
вучылішчы, дзе пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам
Купрыным. Той самы Язэп Стаброўскі, які перапісваўся з Львом Талстым. А ў час
ганення Талстога царскім урадам, піша яму шчырае пісьмо ў знак падтрымкі
пісьменніка, што нават у палку, дзе ён служыў, гэтым учынкам былі ўсе
здзіўленыя. Той самы Язэп Стаброўскі, які служыў на Каўказе і вёў баі з
Шамілём. Той самы Язэп Стаброўскі, які даслужыўся да палкоўніка, меў шмат
ордэнаў і медалёў, які скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя
археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, быў членам-карэспандэнтам
Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам
Яраслаўскага археалагічнага таварыства. Той самы Язэп Стаброўскі, які восенню
1924 года арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія
збіраў шмат гадоў. Выстава тады выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў,
асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцця ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і
каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Язэп Стаброўскі паклаў у аснову
гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад слонімскімі
наведвальнікамі 20 верасня 1929 года. Той самы Язэп Стаброўскі, які прызнаны
яго землякамі самым знакамітым слонімцам ХХ стагоддзя.
Але гэта
будзе пазней. А тады, з пачаткам Першай сусветнай вайны, Язэп Стаброўскі
прыступіў да фарміравання 55-й артылерыйскай брыгады, якую і сам узначаліў.
Вайну ён сустрэў на паўночна-заходнім тэатры баявых дзеянняў.
Нямецкія войскі наступалі на Маладзечна, а аўстрыйцы — у раёне г. Сокал. Таму
дзве рускія арміі пачалі адступаць, каб не трапіць у акружэнне. Сярод
адступаючых была і 55-я пяхотная дывізія, да якой належала 55-я артылерыйская
брыгада, якой камандаваў Язэп Стаброўскі. Пра гэта ён успамінаў: “ І вось усе
атрады, якія знаходзіліся на плацдарме каля ракі Раўкі ў Польшчы, пачалі
ўцякаць, бо германа-аўстрыйскія войскі не паспелі нам адрэзаць адступленне, і
мы, паражняком, без баявых прыпасаў, якіх не хапала, без адпачынку, прайшлі і
праехалі 900 км і дасягнулі мястэчка Турэц Мінскай губерні, дзе і
размясціліся на зімоўку…”.
Адной з галоўных прычын такога развіцця падзей Першай сусветнай вайны Язэп
Стаброўскі называў шпіёнскую дзейнасць, якая была разгорнута немцамі на фронце
і ў тыле арміі Расійскай імперыі. “Усім было вядома, што рускі фронт быў
перапоўнены афіцэрамі нямецкай нацыянальнасці і прытым на вышэйшых камандных
пасадах”, — пісаў Язэп Стаброўскі ў сваіх запісах, якія захоўваюцца ў
Слонімскім раённым краязнаўчым музеі. Язэп Стаброўскі ўзгадвае пра двух
затрыманых пры яго непасрэдным удзеле шпіёнах. Адзін быў вельмі ветлівы,
і нават перад простымі салдатамі здымаў капялюш, які яго і выдаў. Як аказалася
пасля затрымання, ён даўно знаходзіўся ў вышуку. Другога позна вечарам
Стаброўскі сам заўважыў. Невядомы чалавек размаўляў з салдатамі. Яго затрымалі,
але ніякіх дакументаў пры ім не знайшлі, акрамя аднаго рубля, які Стаброўскі
ўзяў, як рэчавы доказ і пад канвоем адправіў затрыманага чалавека да каменданта
штаба корпусу. Аказалася, што нумар рубля быў яго канспірацыйным нумарам.
Пазней шпіёна адправілі ў камендатуру Варшаўскай крэпасці.
Калі 55-я
артылерыйская брыгада знаходзілася каля горада Блонь недалёка ад Варшавы, адной
з найважнейшых праблемаў, якая паўстала перад Стаброўскім, гэта было
наладжванне сувязі, якая пастаянна перарывалася. Кабель часта абрэзвалі
спецыяльна падрыхтаваныя людзі. Аднойчы вайскоўцы затрымалі яўрэя з Блоні, які
хацеў перарэзаць тэлефонны кабель. За гэта яго расстралялі. Але ўсе роўна
тэлефонныя кабелі псавалі. Тады Язэп Стаброўскі знайшоў выйсце. Ён загадаў
узяць трох заложнікаў: равіна, настаўніка і аднаго простага яўрэя і сказаў,
што, калі будзе яшчэ абрывацца тэлефонная сувязь — заложнікі будуць расстраляныя.
Мясцовыя жыхары-яўрэі забілі трывогу і накіравалі да Стаброўскага асобную
дэлегацыю з прапановай дазволіць ім наглядаць і ахоўваць тэлефонную лінію. Язэп
Стаброўскі адпусціў заложнікаў, а тым, хто сачыў за лініяй, выдаў асобныя
нумары, якія нашываліся на вопратку і гэтыя людзі прыступілі да аховы. З таго
часу тэлефонная сувязь больш не псавалася.
У баі з
немцамі на рацэ Раўка пад Баржынёвым 18 мая 1915 года Язэп Стаброўскі быў
атручаны ўдушлівым газам. Але яго ўдалося выратаваць. У лістападзе 1915 года ён
прымае актыўны ўдзел у баях каля Баранавіч, у 1916 годзе — у баявых дзеяннях
каля возера Нарач. Загадам № 3307 галоўнакамандуючага арміяй Заходняга фронту
Язэп Стаброўскі быў узнагароджаны ордэнам Святога Раўнаапостальскага князя
Уладзіміра 4 ступені, да якога дадалі яшчэ мячы і каснік. 7 чэрвеня 1916 года
Стаброўскі атрымаў званне палкоўніка рускай арміі, а яго 55-я артылерыйская
брыгада была перайменавана ў 55-ы паркавы артылерыйскі дывізіён. У канцы 1916
года Язэп Стаброўскі атрымаў яшчэ адзін ордэн Святога Раўнаапостальскага князя
Уладзіміра 3 ступені, а таксама — ордэн Святой Ганны другой ступені з мячамі.
У войску
Язэп Стаброўскі знаходзіўся ажно да красавіка 1918 года. А калі пайшоў у
адстаўку, вярнуўся ў родны Слонім і да канца жыцця займаўся краязнаўствам,
гісторыяй, археалогіяй.
У гады
Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі не толькі ваяваў, але вёў запісы і
фатаграфаваў будні салдат, жахі вайны, людское гора. А калі прыехаў у Слонім,
то зрабіў адмысловы альбом са здымкамі. Гэты альбом ён назваў “Крывавым
следам”. Ён налічвае 300 фотаздымкаў. Кожны здымак Стаброўскі падпісваў, рабіў
невялікі каментар. Альбом Язэпа Стаброўскага збярогся да сённяшніх дзён. Ён
захоўваецца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага.
Прапаную некалькі здымкаў Першай сусветнай вайны Язэпа Стаброўскага.
![]() |
На вайсковым аглядзе. |
![]() |
Маленькі бежанец, які згубіў сваіх бацькоў. |
![]() |
Сіроты. |
![]() |
Ажыўленне кіслародам тых, хто атруціўся газам. |
![]() |
Нямецкія сёстры міласэрнасці. |
![]() |
Рэзерв. |
![]() |
Свежыя магілы. |
Комментариев нет:
Отправить комментарий