Баранавіцкая аперацыя
Акупацыя г. Баранавічы нямецкімі войскамі
1 жніўня 1914 г. пачалася Першая сусветнаявайна, з самага пачатку якой у Баранавічах і наваколлі канцэнтраваліся буйныя
ваенныя сілы. Ваенны лёс г. Баранавічы быў унікальны: на працягу першага года
вайны ў мястэчку знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Галоўны штаб усіх узброеных сіл
Расіі знаходзіўся ў лесе і ўяўляў сабой участак чыгуначнага палатна, на якім
стаялі вагоны. Сюды неаднаразова прыязджаў расійскі імператар, які
прабыў у Стаўцы каля двух месяцаў і наведаў Баранавічы каля 10 раз.
Пад час
апошняга знаходжання ў Баранавічах (11–28 чэрвеня 1915 г.) Мікалай II правёў
экстранае пасяджэнне Савета Міністраў, на якім былі вырашаны пытанні дзяржаўнай
значнасці, выкліканыя ваенным часам. У сувязі з набліжэннем фронту і
адступленнем расійскай арміі, 9 жніўня 1915 г. Стаўка была пераведзена ў
Магілёў.
Баранавічам вайна несла спусташэнне.
Частка насельніцтва была мабілізавана, тыя ж мірныя жыхары, што засталіся ў
горадзе, зведалі галечу, масавую эвакуацыю, нягоды. Сотні сямей былі вымушаны
пакінуць родныя месцы і пераехаць ва ўсходнія раёны Беларусі. Натоўп бежанцаў,
пераважна на калёсах, цягнуўся праз Баранавічы. Успыхнула эпідэмія дызентэрыі і
халеры. На вуліцах можна было ўбачыць вазы, напоўненыя трупамі. Людзі, якія
праязджалі праз горад, страціўшы сілы, збіралі на палях бульбу, а часта любую
зеляніну. Пад час прыпынкаў яны хапалі любы кавалак дрэва, прыдатны для
развядзення вогнішча. У горадзе знік драўляны плот. Гэта працягвалася некалькі
тыдняў. 25 жніўня 1915 г. быў захоплены Брэст і немцы пачалі рухацца
на ўсход. Расійскія войскі, выконваючы ўказанні камандавання, пры адступленні
знішчалі ўсё, што нельга было вывезці, у тым ліку вакзалы, сухарны завод,
ваенныя майстэрні і чыгуначнае палатно. Выпальваліся цэлыя вёскі і палі.
У ноч з 23 на
24 верасня 1915 г. Баранавічы, асветленыя водбліскамі пажараў, пакінула руская
армія. На наступны дзень па вуліцах час ад часу праносіліся на конях адзінкавыя
казакі. Прыкладна ў 15–16 гадзін дня ў Баранавічы ўвайшлі першыя аўстрыйскія
патрулі, а за імі ў хуткім часе пацягнуліся першыя аддзелы арміі генерала
Рэмуса фон Войрша. Фронт затрымаўся на лініі ракі Шчара, каля 6 км на ўсход ад
горада. Аддзелы Войрша занялі пазіцыі абароны, адразу ж пачаўшы ўзвядзенне
ўмацаванняў. Гэтымі ўмацаваннямі, названымі пазней “нямецкімі акопамі”,
карысталіся ў баях да 1920 г. У Баранавічах размясцілася стаўка камандавання
адрэзка нямецкага ўсходняга фронту, а на занятых землях Расійскай Імперыі
панавалі ваенныя ўлады, так званыя Ober-Ost. Мелі месца грабяжы, была ўсталявана
жорсткая сістэма штрафаў, падаткаў і прымусовых работ. У Германію вывозілася
абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, працаздольнае насельніцтва, а таксама
сельскагаспадарчыя жывёлы і прадукты.
Баранавіцкая аперацыя
Да
кастрычніка 1915 г. лінія агню праходзіла на ўсход ад Баранавіч і Пінска па
лініі Міхалішкі – Ашмяны – Навагрудак – Баранавічы – возера Выгонаўскае. Яна
падзяліла тэрыторыю сучаснага Баранавіцкага раёна на дзве часткі. Вялікая
частка (за выключэннем паўднёвага ўсходу) была акупавана нямецкімі і
аўстра-венгерскімі войскамі. З восені 1915 г. да лета 1916 г. на ўчастку
фронту, які праходзіў па тэрыторыі баранавіцкага краю, не адбывалася актыўных
баявых дзеянняў, і толькі ў чэрвені – ліпені 1916 г. расійскія войскі
Заходняга фронту пачалі наступальную аперацыю, што атрымала
назву “Баранавіцкая”, або “Скробава-Гарадзішчанская”. Яе мэтай была
падтрымка наступлення Паўднёва-Заходняга фронту. Галоўны ўдар па саперніку
праводзіўся ў раёне Гарадзішчы – Баранавічы 4-й арміяй пад камандаваннем
генерала Рагозы. Пасля артпадрыхтоўкі расійскія войскі некалькі разоў
безвынікова спрабавалі прарваць абарону ворага, якая была размешчана глыбокімі
эшалонамі. Расійская армія несла вялікія страты, якія ў шмат разоў перавышалі
нямецкія.
Баранавіцкая
аперацыя 1916 г. працягвалася з 20 па 27 чэрвеня. За тыдзень бесперапынных
баёў Руская імператарская армія страціла да 46 тыс. чалавек забітымі, 60 тыс.
чалавек параненымі і 5 тыс. палоннымі (па даных А.А. Кярсноўскага).
Наступныя баі фактычна былі навязаны
расійскай арміі сапернікам і фармальна не могуць лічыцца часткай Баранавіцкай
аперацыі, аднак непарыўна звязаны з ёй. Толькі 17 ліпеня 1916 г. на фронце
канчаткова наступіла зацішша. Агульныя страты расійскага боку пад Баранавічамі
склалі 120 тыс. чалавек забітымі, параненымі і палоннымі, з іх 50 тыс.
забітымі; страты аўстра-венграў і немцаў – 40 тыс. чалавек, з іх 20 тыс.
забітымі. І хоць 4-й рускай арміі не ўдалося прарваць фронт кайзераўскіх
войскаў, задачу яна часткова выканала, пазбавіўшы саперніка магчымасці перакінуць
з поля бітвы рэзервы супраць наступлення расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім
фронце (аперацыя атрымала назву “Брусілаўскі прарыў” – адзін з самых крывавых
баёў Першай сусветнай вайны). Пасля паражэння нашых войск у Баранавіцкай
аперацыі горад быў акупаваны нямецкімі і аўстра-венгерскімі войскамі.
Ці была
прайграна бітва пад Баранавічамі? Якая аперацыя можа лічыцца прайгранай?.. Тая,
у якой адзін з бакоў перанёс зруйнавальнае паражэнне, аддаў саперніку
стратэгічна важную тэрыторыю, страціў вялікую частку жывой сілы і тэхнікі,
ганебна здаўся ў палон без супраціўлення. У гэтым плане ні Баранавічы, ні больш
ранняя Нарач не могуць лічыцца прайгранымі бітвамі. Па іх выніках Руская
імператарская армія хай і панесла вялікія страты, але не была разгромлена. Гэта
былі годныя спробы прарваць моцна ўмацаваную паласу саперніка, выгнаць ворага з
роднай зямлі і, галоўнае, выканаць саюзніцкі абавязак – дапамагчы Францыі і
Італіі, якія аказаліся ў бядзе. І там, і тут рускія войскі мелі тактычны поспех
– пад Нараччу былі вызвалены Паставы, пад Баранавічамі – Скробава і вышыня
“Фердынандаў Нос”. І там, і тут былі ўзяты палонныя і трафеі, а некаторыя
часткі саперніка цалкам знішчаны.
Як і Нарач, Баранавічы сталі адным з
прыкладаў нязломнага духу і мужнасці расійскай арміі. Гэта быў вымушаны
прызнаць нават сапернік, які адзначаў, што ўсе нападзенні рускіх адрозніваліся
надзвычайнай храбрасцю і пагардай да смерці. Невыпадкова па выніках аперацыі
мноства афіцэраў сталі кавалерамі ордэнаў Святога Георгія і Георгіеўскай зброі,
а ніжнія чыны – Георгіеўскіх крыжоў. І не мае значэння, у якой аперацыі
– паспяховай або няўдалай – яны ўдзельнічалі. Адвага, самаадданасць і мужнасць
заўсёды выклікаюць захапленне, дзе б яны ні былі праяўлены.
Комментариев нет:
Отправить комментарий