среда, 22 июля 2015 г.

Пераможнай бітве пад Палонкай 355

Віктар СЫРЫЦА

старшыня Баранавіцкай РадыТаварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны

Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч, вывучаючы падзеі     1654-1667 гадоў, назваў сваю кнігу “Невядомая вайна”.
Для беларускага народа самая жудасная вайнаў яго гісторыі і сёння застаецца невядомай.

Пачатак вайны 1654-1667 гг.

 Казацка-сялянская антыфеадальная вайна 1648-1651 гг. стала пачаткам разбуральнага веку ў гісторыі Беларусі. За ёй пачалася яшчэ больш страшная вайна 1654-1667 гг., у якой загінула больш за палову тагачаснага насельніцтва Беларусі. З гэтай вайны і пачаўся заняпад магутнасці як Рэчы Паспалітай, так і Вялікага каняства Літоўскага. У 1654 г. вайну з Рэччу Паспалітай распачаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч, які хацеў далучыць беларускія і ўкраінскія землі да сваёй дзяржавы і атрымаць выйсце да Балтыйскага мора. У Маскве яшчэ задоўга да таго звярталі ўвагу на слабасць Рэчы Паспалітай, што абяцала магчымасць рэваншу за паразы пачатку XVII ст. Поспехі царскіх войскаў у 1654-1655 гг. перасягнулі самыя смелыя спадзяванні. Удалося захапіць амаль усё Вялікае княства Літоўскае. Не паддаліся толькі Стары Быхаў, Слуцк, Ляхавічы, Нясвіж. 31 ліпеня 1655 года была захоплена Вільня і цар Аляксей Міхайлавіч абвясціў сябе Вялікім князем літоўскім. Марш царскіх арміяў быў прыпынены толькі ўваходам улетку 1655 г. у польскія межы шведаў, чыёю мэтай, сярод іншага, было – загарадзіць пераможнай Маскве дарогу да балтыйскага ўзбярэжжа. Шведскае нашэсце прывяло да спынення ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Масквою, якая глядзела на экспансію скандынаваў без сімпатыяў. У лістападдзе 1656 г. у Нямежы пад Вільняю было заключана замірэнне. Рэч Паспалітая пагаджалася на вельмі цяжкія ўмовы: прызнавала за царом тытул Вялікага князя літоўскага, пагаджалася з ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі, абавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Масква за тое спыняла ваенныя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай і распачынала ў Прыбалтыцы вайну са шведамі.

Рэч Паспалітая пагадзілася на такія цяжкія ўмовы толькі з прычыны шведскай пагрозы. Калі гэтая пагроза аддалілася, Рэч Паспалітая пачала рабіць захады дзеля пераможнага заканчэння вайны з Масквою. Варшаве ўдалося перацягнуць на свой бок казакоў: у верасні 1658 г. у Гадзячы была заключана унія, паводле якой новы казацкі гетман Іван Выгоўскі разам з казакамі станавіўся на бок польскага караля. Падначалены яму палкоўнік Іван Нячай пачаў вайну з маскоўскімі войскамі ў Беларусі. Сітуацыя ў беларускіх землях для маскоўскага войска значна пагоршылася. Таму над маскоўскім войскам быў пастаўлены вопытны ваявода Іван Хаванскі. Ён захапіў Горадню, а затым Берасце. Апошні горад быў “да найменшага будынка... разбураны, спалены і ў нішто ператвораны”. 

20 сакавіка 1660 года 30-тысячная маскоўская раць падышла да Ляхавіцкага замка, каб захапіць гэтую магутную фартэцыю і апошнюю цытадэль беларускага супраціва. Але чатырохтысячны гарнізон на чале з камендантам Станіславам Юдзіцкім, маючы моцную артылерыю, мужна бараніўся і наносіў вялікія страты праціўніку.


Аблога Ляхавіч у 1660 годзе. Гравюра XVII ст.
Усе сілы Польшчы былі занятыя вайной з украінскімі казакамі і шведамі. Таму першыя, найбольш цяжкія гады, вайны Беларусь практычна ў адзіноце спрабавала супрацьстаяць шматтысячным маскоўска-казацка-татарскім ордам ды нямецкім наймітам. Але ў траўні 1660 года, пасля шэрагу перамог над Карлам Густавам, паміж Варшавай і Стакгольмам быў нарэшце падпісаны мірны трактат. I цяпер Польшча магла вылучыць частку сілаў для дапамогі скрываўленаму Вялікаму Княству. На Берасцейшчыну, дзе змагалася войска гетмана Паўла Сапегі (каля 8 тысяч ваяроў) быў накіраваны ўкраінскі ваявода Стэфан Чарнецкі з 4-тысячнай дывізіяй.

Палонкаўская бітва 28.06.1660 г.

Спачатку быў выбіты маскоўскі гарнізон са СлонімаПавел Сапега з-пад Жыровічаў паслаў некалькі загонаў ў кірунку Ляхавічаў.

Гетман Павал Сапега. Украінскі ваявода Стэфан Чарнецкі.
Ляхавіцкі замак паспяхова абараняўся ад войскаў ваяводы Хаванскага. Атакаваўшы Слонім Павал Сапега хацеў адцягнуць на сябе хоць частку абложнікаў замка. Першая сустрэча з раз’ездам (пошукавым аддзелам) праціўніка закончылася паразай расейцаў. Ацалелыя рэшткі ўцяклі ў свой лагер пад Ляхавічамі. I тут царскі ваявода Хаванскі выступіў насустрач аб’яднанаму беларуска-польска-літоўскаму войску.


З вечара 27 чэрвеня дывізіі Сапегі і Чарнецкага сталі ў баявыя шыхты. Цэнтр заняло войска Чарнецкага. На крылах пазіцыі размясціліся сапегаўцы: на правым – жаўнеры пад камандай Вайніловіча, на левым – на чале з Палубінскім. Маскоўскі ж ваявода ў цэнтры свайго войска паставіў пяхотнікаў і вершнікаў-рэйтараў, на левым крыле – конніцу князя Шчарбатага, а вершнікаў правага крыла ўзначаліў сам.



Схема бітвы 1660 пад Палонкай.

А 8 гадзіны раніцы 28 чэрвеня 1660 года Іван Хаванскі, які меў войска больш як 20 тысяч чалавек, распачаў бітву. Першай пайшла ў атаку конніца той беларускай шляхты, якая яшчэ раней была змушаная прысягнуць на вернасць маскоўскаму цару. У часе пераправы цераз балоцістую рэчку яна трапіла пад моцны агонь рушніц, а затым была разбітая контратакай ваяроў Чарнецкага. Сам правадыр “прысяжнай шляхты” трапіў у палон. На дапамогу маскоўцы паслалі 6 тысяч пяхотнікаў. Ды на пераправе цераз тую ж рэчку яны былі заатакаваныя беларускімі і польскімі гусарамі. Вершнікі ў вадзе і на прыбярэжжы секлі ратнікаў Хаванскага. Пад агнём маскоўскай артылерыі пайшло ў наступ левае крыло беларускага войска. Грузнучы ў балоце, коштам вялікіх стратаў гусары Палубінскага прарваліся на сухазем’е. Прарваліся наперад таксама войскі цэнтра і правага крыла.
Вялікалітоўскія гусар і мушкетнік
з войска Паўла Сапегі.
Хаванскі кінуў на дапамогу ратнікам рэшту сваіх сілаў – найлепшыя баярскія палкі і нямецкіх рэйтараў. Пакінуўшы ўжо за спіной нялёгкую пераправу, беларуска-польска-літоўскае войска мела толькі такі выбар: перамагчы або памерці. Жаўнерам трэба было вытрымаць і пераламіць ход змагання. I яны выстаялі.

Маскоўцы напачатку таксама націскалі з вялікім імпэтам. Ім, ужо прывыклым да перамог у гэтай вайне, калі амаль увесь беларускі край ляжаў пад нагамі, не выпадала ганьбіць сябе паразай. Але нашая зацятасць, нашая рашучасць адпомсціць за знішчаную, высечаную, змардаваную Бацькаўшчыну, за былыя няўдачы і прыніжэнні былі мацнейшыя. Вось ужо маскоўскі ваявода Хаванскі паранены шабляй у галаву. Вось ужо радзеюць варожыя шыхты. Гасне бляск у баярскіх вачах, з’явілася разгубленасць на іх тварах. А тут харугвы Вайніловіча зайшлі збоку і імкліва ўдарылі ў фланг, потым зайшлі з тылу. I, нарэшце, праціўнік асаджвае разгарачаных коней, паварочвае назад. А нашы гусары і панцырныя нястрымна рвуцца наперад, і рукі з шаблямі не адчуваюць стомы. Жаўнеры Вайніловіча пры атацы натрапілі на маскоўскую пяхоту з артылерыяй, што замацавалася ў фальварку. Удзельнік бітвы пад Палонкай пазней успамінаў гэты момант: “Позна было агонь даваць, калі ляцеў град куль. Палеглі забітымі шмат жаўнераў, шмат атрымалі раненні. Але яшчэ з большым імпэтам пайшлі мы на іх, бо ўбачылі, што ледзь не ўсе загінем, калі спіны пакажам (гэта значыць, калі кінуцца ўцякаць). I ваяры Вайніловіча лезлі ў агонь, у самае пекла бою, ды так і змяшаліся з маскоўцамі, як зерне з сечкай”. Выбітых з такой цяжкасцю з фальварка маскоўскіх пяхотнікаў дабівала ў чыстым полі конніца. “Цяжка было раз’юшаным жаўнерам звязаць рукі і выбілі яны тры тысячы да аднаго”, – быццам апраўдваючыся, пісаў потым Павел Сапега.

Пыхлівыя заваёўнікі ратаваліся ўцёкамі, гінучы пад шаблямі сапегаўцаў і ваяроў Чарнецкага. Трапіў у палон Шчарбаты, загінуў другі маскоўскі ваявода – Змееў, які з-пад Нясвіжа прыйшоў на дапамогу Хаванскаму.

Пасля вырашальнай бітвы 1660 года пад Палонкай

З дзвюма шабельнымі ранамі галавы сам Хаванскі панічна пабег пад Ляхавічы. Ён хацеў прыхапіць рэшту ацалелага войска і пад яго аслонай уратавацца. Наступнай ночы ён быў ужо ў Менску. Адтуль рушыў далей на ўсход. Дыханне перавёў толькі ў Смаленску.

У кінутым уцекачамі лагеры пад Ляхавічамі пераможцам дасталіся вялізныя трафеі. Асабліва радаваўся Павел Сапега шматлікай артылерыі, запасам пораху. Было тут таксама багата мукі і больш як сем тысяч нарабаваных у сялян кароў. Паводле сведчання Шчарбатага, пад Палонкай загінула 16 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром галоўнай царскай арміі, якая тады дзейнічала ў Беларусі, і карэнны пералом у ходзе вайны 1654-1667 гг. Ад Палонкі пачалося выгнанне маскавітаў з нашай зямлі. У тылах праціўніка з новай сілай разгарнулася народная партызанская барацьба. Неўзабаве войскі Сапегі і Чарнецкага былі ўжо пад Барысавам. Гэтым жа летам вызваленне святкавалі яшчэ ацалелыя жыхары гарадоў Крычава, Шклова, Амсціслава.

На Падняпроўі і Падзвінні пад акупацыяй яшчэ заставаліся некаторыя абшары і такія гарады, як Полацак і Віцебск, але вайна ўжо хілілася да свайго канца. Яшчэ некалькі гадоў працягваліся паходы і бітвы. Былі бліскучыя перамогі, здараліся і паразы. I нарэшце на самым пачатку 1667 года ў вёсцы Андросаве пад Смаленскам паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было падпісанае замірэнне. Да Масквы адыходзілі ўсходнебеларускія землі – Смаленшчына і заходняя Браншчына, а таксама левабярэжная Украіна і Кіеў. Беларускія землі засталіся ў складзе Рычы Паспалітай, але страцілі больш за палову свайго насельніцтва. Маскоўскаму цару не ўдалося здзейсніць свой асноўны намер – захапіць усю Беларусь і дабіцца выйсця да Балтыйскага мора.

Схема ваеннай кампаніі 1660 года з кнігі Міхася Чарняўскага “Дзясяць бітваў”.

Так нашчадкі ліцьвінаў ушаноўваюць памяць змагароў за незалежнасць і свабоду Бацькаўшчыны.


вторник, 21 июля 2015 г.

У Баранавічах адбыліся краязнаўчыя чытанні да 100-годдзя пачатка Першай сусветнай вайны


Віктар Сырыца, старшыня
Баранавіцкай Рады ТБМ
 адчыняе  краязнаўчыя чытаньні.

Віктар СЫРЫЦА

старшыня Баранавіцкай рады ТБМ


Усякая вайна між еўрапейцамі ёсць грамадзянская вайна.
Віктор Гюго
2 жніўня 2014 года Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы, ў межах кампаніі Асамблеі НДА «Зробім лепш», зладзіла краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 100-м угодкам Першай сусветнай вайны (1914-1918) і становішчу Баранавіцкай зямлі ў ваенныя і паваенныя гады. Мерапрыемства адбылося на сядзібе ТБМ па вул. Сасновая, 5, вёска Русіны, Баранавіцкі раён. Адчыніў Баранвіцкія чытанні Віктар Сырыца.

Напачатку ўдзельнікі гістарычнага мерапрыемства праглядзелі дакументальны фільм “Першая сусветная вайна. Баранавічы”.

Клірык Свята-Пакроўскага храма
пратадзьякан Андрэй Гарбуноў.
Клірык Свята-Пакроўскага храма пратадзьякан Андрэй Гарбуноў распавёў пра стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага і дзейнасць праваслаўнай царквы ў Баранавічах у 1914-1915 гг.

Аўтар кнігі “Забытая вайна” Ірына Дубейка апавядала пра ўзбраенне, тактыку і асаблівасці баёў нямецкіх і рускіх войскаў на Баранавіцкай зямлі, а таксама пра герояў Першай сусветнай вайны.

Баранавіцкі даследчык гісторыі, аўтар кнігі “Недазволенная памяць” Аляксандр Татаранка адзначыў, што краязнаўцы Мікалай Падгайскі, Міхась Бернат, Аляксей Белы, Віктар Сырыца выявілі 35 забытых пахаванняў ахвяр Першай сусветнай вайна, 21 з якіх абследаваны і задакументаваны краязнаўцамі.

Ірына Дубейка апавядае
пра сваю кнігу “Забытая вайна”.
Аляксандр Татаранка,
аўтар кнігі “Недазволенная памяць”













Пра ахвяр газавай атакі ў 1916 годзе ля вёскі Вольна (Баранавіцкі раён) расказваў мясцовы жыхар Міхась Амялішка, бацька якога прымаў удзел у пахаваннях атручаных рускіх салдат у 1916 годзе. А Мікалай Падгайскі пазнаёміў удзельнікаў гістарычных чытанняў з лёсам дома Слізняў у Бартніках (Баранавіцкі раён), які ўяўляе для нас, на думку краязнаўцы, гісторыка-культурную каштоўнасць.

Кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў адзначыў неабходнасць вывучэння не толькі рускіх, але і нямецкіх, аўстрыйскіх і польскіх архіваў, успаміны тагачасных удзельнікаў падзей, каб аб’ектыўна вывучыць і ацаніць абставіны 100 гадовай даўніны. Ён падараваў бібліятэцы сядзібы ТБМ кнігу “Беларусь у гады Першай сусветнай вайны 1914-1918 Зборнік дакументаў”, выдадзеную Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, Нацыянальна-гістарычным архівам Беларусі ў 2014 годзе.

Мікалай Падгайскі прапануе
зрабіць дом Слізняў
гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.
Віктар Сырыца, старшыня Баранавіукай Рады ТБМ
прымае ад кандыдата гістарычных навук
Дзяніса Лісейчыкава, падораную бібліятэцы сядзібы
ТБМ кнігу “Беларусь у гады Першай сусветнай вайны
1914-1918 Зборнік дакументаў”.

















Урокі Першай сусветнай вайны для беларускага народа падсумаваў даследчык гісторыі Баранавіцкай зямлі Міхась Бернат. Спрэчкі аб выніках вайны для Беларусі не сціхалі нават падчас кавы-паўзы, бо ўдзельнікі краязнаўча-гтстарычнай дыскусіі працягвалі эмацыйна абмяркоўвалі падзеі вайны.

Міхась Бернат, даследчык Баранавіцкага края.
Усе ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў падтрымалі прапановы старшыні Баранавіцкай рады ТБМ Віктара Сырыцы аб неабходнасці ліставання з мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі па добраўпарадкаванню пахаванняў ахвяр Першай сусветнай вайны і наданні дому Слізняў у Бартніках гісторыка-культурнай каштаўнасці. А гісторык з Берасця Ігар Бараноўскі прапанаваў стварыць помнік беларускім уцекачам, якія бязвінна сталі ахвярамі гэтай жудаснай вайны.

Наступныя чытанні адбудуцца ў 2015 г. і будуць прысвечаныя 100-годдзю пачатку ваенных дзеянняў у Беларусі.

Дыскусія, што пачалася на чытаннях працягнулася на вуліцы.

четверг, 16 июля 2015 г.

Баранавіцкая аперацыя


Акупацыя г. Баранавічы нямецкімі войскамі



1 жніўня 1914 г. пачалася Першая сусветнаявайна, з самага пачатку якой у Баранавічах і наваколлі канцэнтраваліся буйныя ваенныя сілы. Ваенны лёс г. Баранавічы быў унікальны: на працягу першага года вайны ў мястэчку знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Галоўны штаб усіх узброеных сіл Расіі знаходзіўся ў лесе і ўяўляў сабой участак чыгуначнага палатна, на якім стаялі вагоны. Сюды неаднаразова прыязджаў расійскі імператар, які прабыў у Стаўцы каля двух месяцаў і наведаў Баранавічы каля 10 раз.

Пад час апошняга знаходжання ў Баранавічах (11–28 чэрвеня 1915 г.) Мікалай II правёў экстранае пасяджэнне Савета Міністраў, на якім былі вырашаны пытанні дзяржаўнай значнасці, выкліканыя ваенным часам. У сувязі з набліжэннем фронту і адступленнем расійскай арміі, 9 жніўня 1915 г. Стаўка была пераведзена ў Магілёў.

Баранавічам вайна несла спусташэнне. Частка насельніцтва была мабілізавана, тыя ж мірныя жыхары, што засталіся ў горадзе, зведалі галечу, масавую эвакуацыю, нягоды. Сотні сямей былі вымушаны пакінуць родныя месцы і пераехаць ва ўсходнія раёны Беларусі. Натоўп бежанцаў, пераважна на калёсах, цягнуўся праз Баранавічы. Успыхнула эпідэмія дызентэрыі і халеры. На вуліцах можна было ўбачыць вазы, напоўненыя трупамі. Людзі, якія праязджалі праз горад, страціўшы сілы, збіралі на палях бульбу, а часта любую зеляніну. Пад час прыпынкаў яны хапалі любы кавалак дрэва, прыдатны для развядзення вогнішча. У горадзе знік драўляны плот. Гэта працягвалася некалькі тыдняў. 25 жніўня 1915 г. быў захоплены Брэст і немцы пачалі рухацца на ўсход. Расійскія войскі, выконваючы ўказанні камандавання, пры адступленні знішчалі ўсё, што нельга было вывезці, у тым ліку вакзалы, сухарны завод, ваенныя майстэрні і чыгуначнае палатно. Выпальваліся цэлыя вёскі і палі.

У ноч з 23 на 24 верасня 1915 г. Баранавічы, асветленыя водбліскамі пажараў, пакінула руская армія. На наступны дзень па вуліцах час ад часу праносіліся на конях адзінкавыя казакі. Прыкладна ў 15–16 гадзін дня ў Баранавічы ўвайшлі першыя аўстрыйскія патрулі, а за імі ў хуткім часе пацягнуліся першыя аддзелы арміі генерала Рэмуса фон Войрша. Фронт затрымаўся на лініі ракі Шчара, каля 6 км на ўсход ад горада. Аддзелы Войрша занялі пазіцыі абароны, адразу ж пачаўшы ўзвядзенне ўмацаванняў. Гэтымі ўмацаваннямі, названымі пазней “нямецкімі акопамі”, карысталіся ў баях да 1920 г. У Баранавічах размясцілася стаўка камандавання адрэзка нямецкага ўсходняга фронту, а на занятых землях Расійскай Імперыі панавалі ваенныя ўлады, так званыя Ober-Ost. Мелі месца грабяжы, была ўсталявана жорсткая сістэма штрафаў, падаткаў і прымусовых работ. У Германію вывозілася абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, працаздольнае насельніцтва, а таксама сельскагаспадарчыя жывёлы і прадукты.

Баранавіцкая аперацыя

Да кастрычніка 1915 г. лінія агню праходзіла на ўсход ад Баранавіч і Пінска па лініі Міхалішкі – Ашмяны – Навагрудак – Баранавічы – возера Выгонаўскае. Яна падзяліла тэрыторыю сучаснага Баранавіцкага раёна на дзве часткі. Вялікая частка (за выключэннем паўднёвага ўсходу) была акупавана нямецкімі і аўстра-венгерскімі войскамі. З восені 1915 г. да лета 1916 г. на ўчастку фронту, які праходзіў па тэрыторыі баранавіцкага краю, не адбывалася актыўных баявых дзеянняў, і толькі ў чэрвені – ліпені 1916 г. расійскія войскі Заходняга фронту пачалі наступальную аперацыю, што атрымала назву “Баранавіцкая”, або “Скробава-Гарадзішчанская”. Яе мэтай была падтрымка наступлення Паўднёва-Заходняга фронту. Галоўны ўдар па саперніку праводзіўся ў раёне Гарадзішчы – Баранавічы 4-й арміяй пад камандаваннем генерала Рагозы. Пасля артпадрыхтоўкі расійскія войскі некалькі разоў безвынікова спрабавалі прарваць абарону ворага, якая была размешчана глыбокімі эшалонамі. Расійская армія несла вялікія страты, якія ў шмат разоў перавышалі нямецкія.

Баранавіцкая аперацыя 1916 г. працягвалася з 20 па 27 чэрвеня. За тыдзень бесперапынных баёў Руская імператарская армія страціла да 46 тыс. чалавек забітымі, 60 тыс. чалавек параненымі і 5 тыс. палоннымі (па даных А.А. Кярсноўскага).

Наступныя баі фактычна былі навязаны расійскай арміі сапернікам і фармальна не могуць лічыцца часткай Баранавіцкай аперацыі, аднак непарыўна звязаны з ёй. Толькі 17 ліпеня 1916 г. на фронце канчаткова наступіла зацішша. Агульныя страты расійскага боку пад Баранавічамі склалі 120 тыс. чалавек забітымі, параненымі і палоннымі, з іх 50 тыс. забітымі; страты аўстра-венграў і немцаў – 40 тыс. чалавек, з іх 20 тыс. забітымі. І хоць 4-й рускай арміі не ўдалося прарваць фронт кайзераўскіх войскаў, задачу яна часткова выканала, пазбавіўшы саперніка магчымасці перакінуць з поля бітвы рэзервы супраць наступлення расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім фронце (аперацыя атрымала назву “Брусілаўскі прарыў” – адзін з самых крывавых баёў Першай сусветнай вайны). Пасля паражэння нашых войск у Баранавіцкай аперацыі горад быў акупаваны нямецкімі і аўстра-венгерскімі войскамі.

Ці была прайграна бітва пад Баранавічамі? Якая аперацыя можа лічыцца прайгранай?.. Тая, у якой адзін з бакоў перанёс зруйнавальнае паражэнне, аддаў саперніку стратэгічна важную тэрыторыю, страціў вялікую частку жывой сілы і тэхнікі, ганебна здаўся ў палон без супраціўлення. У гэтым плане ні Баранавічы, ні больш ранняя Нарач не могуць лічыцца прайгранымі бітвамі. Па іх выніках Руская імператарская армія хай і панесла вялікія страты, але не была разгромлена. Гэта былі годныя спробы прарваць моцна ўмацаваную паласу саперніка, выгнаць ворага з роднай зямлі і, галоўнае, выканаць саюзніцкі абавязак – дапамагчы Францыі і Італіі, якія аказаліся ў бядзе. І там, і тут рускія войскі мелі тактычны поспех – пад Нараччу былі вызвалены Паставы, пад Баранавічамі – Скробава і вышыня “Фердынандаў Нос”. І там, і тут былі ўзяты палонныя і трафеі, а некаторыя часткі саперніка цалкам знішчаны.

Як і Нарач, Баранавічы сталі адным з прыкладаў нязломнага духу і мужнасці расійскай арміі. Гэта быў вымушаны прызнаць нават сапернік, які адзначаў, што ўсе нападзенні рускіх адрозніваліся надзвычайнай храбрасцю і пагардай да смерці. Невыпадкова па выніках аперацыі мноства афіцэраў сталі кавалерамі ордэнаў Святога Георгія і Георгіеўскай зброі, а ніжнія чыны – Георгіеўскіх крыжоў. І не мае значэння, у якой аперацыі – паспяховай або няўдалай – яны ўдзельнічалі. Адвага, самаадданасць і мужнасць заўсёды выклікаюць захапленне, дзе б яны ні былі праяўлены.

Крыніца: www.nlb.by

Першая сусветная вайна ў Беларусі


Захар ШЫБЕКА

Доктар гістарычных навук, даследуе гісторыю беларускіх гарадоў (з'яўляецца адным з лепшых спецыялістаў па гісторыі Мінску XIX-XX стагоддзяў), аўтар кнігі па гісторыі Беларусі.

Бежанства - трагедыя народа

С. Фёдараў. У лагеры ўцекачоў. Слуцк, 1915 г.
Разам з адступленнем рускіхвойскаў у 1915 г. на ўсход ішлі сотні тысячаў людзей, пераважна жанчын, дзяцей і старых. Па прыблізных падліках з Беларусі ў Расію выехала каля двух мільёнаў чалавек (пераважна праваслаўных). Людзі ратаваліся ад ваеннага тэрору ў прыфрантавой паласе. Вайскоўцы наўмысна распускалі чуткі пра здзекі немцаў з мірнага праваслаўнага насельніцтва, а то і высялялі людзей прымусова.

У некаторых месцах казакі, што адступалі апошнімі, палілі вёскі і мястэчкі ды гналі беларусаў і яўрэяў на ўсход амаль з пустымі рукамі. Для вядзення вайны расійскім уладам патрабаваліся людскія рэсурсы. Па трактах цягнуліся велізарныя абозы, якія часам абстрэльваліся і бамбардаваліся немцамі. У дарозе здараліся эпідэміі. Бежанскі шлях можна было пазнаць па магілках-капцах, што высіліся абапал дарогі. Табары бежанцаў асядалі вакол маёнткаў, чыгуначных станцыяў і ў гарадах прыфрантавой паласы. Царскія ўлады спрабавалі выкарыстаць танныя рабочыя рукі бежанцаў на пабудове ваенных аб’ектаў, на ваенных прадпрыемствах і ў памешчыцкіх маёнтках. Працаздольныя яшчэ маглі зарабіць якуюсь капейку. А слабыя і хворыя галадавалі, паміралі. Становішча бежанцаў у прыфрантавой паласе мала чым адрознівалася ад лёсу ваеннапалонных. Галодныя і абяздоленыя, яны ўяўлялі пагрозу для мясцовых уладаў, і таму іх стараліся размеркаваць па ўсёй імперыі. У розных гарадах Расіі ўтвараліся бежанскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Будаваліся баракі, харчавальныя пункты, раздаваліся пайкі і грашовая дапамога.

Ваенная мабілізацыя

Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі дэфармавалася не толькі бежанствам, але і татальнымі мабілізацыямі ў расійскае войска. 3 падуладных цару тэрыторыяў (Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні) у армію было забрана 633,6 тыс. чалавек - больш за палову працаздольных мужчынаў. Сялянскія сем’і заставаліся без кармільцаў. Не было каму засеяць поле. Асобныя надзелы пуставалі, што даўно ўжо не здаралася на беларускай зямлі.

Вынікі дэмаграфічных зрухаў

Сярод вайскоўцаў і бежанцаў апынуліся найбольш актыўныя, адукаваныя і нацыянальна свядомыя людзі. Вайна выштурхоўвала іх з самага сэрца Беларусі - цэнтра кансалідацыі беларускай нацыі - і раскідвала па ўсім свеце, а месца беларусаў займалі расійцы, якія зганяліся ў беларускую прыфрантавую паласу ў якасці вайскоўцаў, рабочых ваенных прадпрыемстваў, усялякіх ураднікаў. Гэтыя дэмаграфічныя змены потым у значнай ступені вызначылі далейшы лёс беларускага народа, бо аслабілі яго нацыянальна-вызваленчы рух і ўзмацнілі прарускія настроі.

Жыццё прыфрантавой вёскі

1915 год паклаў пачатак татальнаму руйнаванню гаспадарчага жыцця ў Беларусі, невыносным пакутам яе жыхароў. Увосень на працы па капанні акопаў, рамонце дарог і мастоў было прыцягнутае практычна ўсё працаздольнае насельніцтва прыфрантавых Мінскай і Віцебскай губерняў. Людзей бралі, не зважаючы на пільныя сельскагаспадарчыя работы. 3 пачаткам дажджоў і халадоў мабілізаваным рабочым не было дзе прытуліцца, абагрэцца. Дрэннае харчаванне і невыносныя ўмовы працы прыводзілі да эпідэмічных захворванняў. Улетку 1916 г. працоўная мабілізацыя паўтарылася. Магілёўшчына, дзе месцілася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага, поўнілася вайсковымі рэзервамі, інтэнданцкімі службамі, рознымі спекулянтамі. Як і нямецкія, расійскія вайсковыя ўлады бязлітасна абабіралі беларусісіх сялянаў. У выніку бясконцых рэквізіцыяў вяскоўцы заставаліся без коней, кароў, збожжа, фуражу, а самі галадавалі.

Абвастрэнне аграрных адносінаў

У буйных землеўладаннях не хапала рабочых рук. Вайсковая адміністрацыя зганяла сялянаў на памешчыцкія палеткі як на вайсковую павіннасць. Землеўласнікі нажываліся на ваенных пастаўках і на спекуляцыі прадуктамі харчавання. Гэта абвастрала сацыяльную напружанасць у вёсцы. На правах асноўных абаронцаў цара і Расіі сяляне адкрыта рабавалі панскае дабро: рабілі парубкі і патравы, а часам і адкрытыя захопы ды грабяжы. Вайна не давала мажлівасці зарабіць ды пракарміць сябе.

Прыфрантавы горад

Уваход нямецкіх войс у Баранавічы, 1915 г.
У гарадскіх цэнтрах ваеннай Беларусі пачалося невядомае раней жыццё. За кошт вайскоўцаў і бежанцаў колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася ўдвая, а то і болей. Калі ў 1914 г. у Мінску жыло 100 тыс., то ў 1915 г. ужо 250 тыс. чалавек. Адпаведна гэтаму амаль удвая ўзрастала і квартплата. Чыгунка ледзь спраўлялася з ваеннымі перавозкамі. Забеспячэнне цывільнага насельніцтва таварамі рэгулярна зрывалася. Гараджане першыя зведалі, што такое голад, спекулятыўныя цэны, бясконцыя чэргі. Сярэдні намінальны заробак тут быў у 1915 г. ніжэй ад агульнарасійскага ўзроўню амаль напалову. Ваеннае становішча спрыяла панаванню органаў палітычнай бяспекі і ваеннай контрразведкі. Штодзень праходзілі пахаванні.

Другі цэнтр нацыянальнага руху

У гады першай сусветнай вайны ў Мінску пачаў фармавацца другі пасля Вільні цэнтр беларускай нацыянальнай дзейнасці. Бежанцы адразу павялічылі ўдзельную вагу беларусаў сярод мінчанаў дый жыхароў іншых гарадоў Беларусі. Яшчэ ўлетку 1915 г. у Мінску адчынілася Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое аб’ядноўвала 50 чалавек. Яно арганізоўвала для бежанцаў начныя прытулкі, платныя і бясплатныя сталоўкі, дапамагала ў працаўладкаванні. Усе супрацоўнікі таварыства на чале з адвакатам В. Чаусавым харчаваліся ў платнай сталоўцы, што месцілася каля Чырвонага касцёла і атрымала назву “Беларуская хатка”. Сюды часта прыходзілі беларускія пісьменнікі Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш, Альберт Паўловіч, Язэп Фарботка, Фабіян Шантыр, Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая), тэатральныя дзеячы Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, архітэктар Лявон Дубейкаўскі. Фактычна гэта быў мінскі клуб творчай беларускай інтэлігенцыі, якая нелегальна ладзіла для бежанцаў вечарыны. Збіраліся маладыя хлопцы, дзяўчаты, перад якімі з лекцыямі і вершамі выступаў Максім Багдановіч, які прыехаў у Мінск увосень 1916 г. Менавіта тут, у “Хатцы”, упершыню прагучаў яго знакаміты верш “Пагоня”.

Беларуская справа

Умовы для беларускага руху пад царскім ярмом былі непараўнальна горшыя, чым пад нямецкай акупацыяй. Царскі ўрад дазваляў толькі беларускія камітэты дапамогі бежанцам, дый тое з вялікаю неахвотай. Лічылася, што беларусы нічым не адрозніваюцца ад жыхароў Тульскай ці Пензенскай губерняў, і таму ніякія свае нацыянальныя арганізацыі ім не патрэбныя. Аж да 1917 г. на тэрыторыі Беларусі, не занятай немцамі, не выходзіла ніводная беларуская газэта. Толькі ў Петраградзе ўвосень 1916 г. узніклі невялічкія штотыднёвікі “Дзяньніца” (рздактары Зміцер Жылуновіч, Эдзюк Будзька) і “Swietac” (“Светач”), дый тыя выходзілі толькі да пачатку 1917 г.

Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.
Крыніца: www.belhistory.com

Беларусь у Першай сусветнай: агульная даведка


Першая сусветная вайна была падзеяй вялікага значэння. Па сваіх маштабах і выніках яна не мела роўных ва ўсёй папярэдняй гісторыі чалавецтва. Вайна доўжылася 4 гады, 3 месяцы і 10 дзён (з 1 жніўня 1914 г. да 11 лістапада 1918 г.), ахапіўшы 38 дзяржаў, дзе жылі звыш 1,5 млрд чалавек, або тры чвэрці насельніцтва зямнога шара. У ваенных дзеяннях удзельнічалі многамільённыя войскі, абсталяваныя навейшымі тэхнічнымі сродкамі барацьбы. Агульная колькасць мабілізаваных дасягала 73,5 млн чалавек.
Мапа ваена-палітычнай групоўкі дзяржаў Еўропы на пачатку Сусветнай вайны 1914  1918 гг.
Сапраўды незлічоныя беды прынесла вайна народным масам. 10 млн забітых (столькі ж, колькі загінула ва ўсіх еўрапейскіх войнах за тысячу гадоў) і 20 млн параненых – такі яе крывавы вынік. Толькі прамыя ваенныя расходы дзяржаў-удзельніц склалі 208 млрд долараў, што ў 10 разоў перавышае кошт войнаў з 1793 па 1907 г. Вайна аказала вялікі ўплыў на ўвесь ход сусветнай гісторыі, прывяла да абвастрэння класавай барацьбы, актывізацыі нацыянальна-вызваленчага руху.

У гады Першай сусветнай вайны па тэрыторыі сучаснай Беларусі праходзіў Заходні фронт – галоўны “шчыт” Расіі. Гэта быў самы магутны, самы насычаны войскамі фронт – паўтара мільёна чалавек. Немцы і аўстрыйцы два з лішнім гады, з восені 1915-га да зімы 1918-га, так і не змаглі яго прарваць і дайсці хаця б да Мінска.

Каля 900 тыс. жыхароў беларускіх губерняў былі прызваны ў рады расійскай арміі, з іх 70 тыс. аддалі жыццё за Радзіму ў баях. На тэрыторыі сённяшняй Беларусі адбылося некалькі значных ваенных аперацыяй. Пад час Віленскай аперацыі (верасень – кастрычнік 1915 г.) было спынена наступленне немцаў углыб Расіі, ліквідаваны Свянцянскі прарыў нямецкай кавалерыі, стабілізаваны фронт. Нарачанская аперацыя (сакавік 1916 г.) – першая спроба выбіць акупантаў з беларускай зямлі – была здзейснена па просьбе французскіх саюзнікаў, для палягчэння становішча асаджанага Вердэна. Баранавіцкая аперацыя(чэрвень 1916 г.) планавалася як “галоўнае наступленне года”, знакаміты Брусілаўскі прарыў быў задуманы як другарадны і дапаможны адносна Баранавіцкай бітвы. Ну а Крэўская аперацыя (ліпень 1917 г.) стала першым прыкладам таго, як абарончыя лініі саперніка на беларускіх землях былі цалкам знішчаны нашай артылерыяй.

Палова Беларусі апынулася пад германскай акупацыяй, палова была прыфрантавой зонай. У падзеях ваенных гадоў загінула 60 тыс. мірных жыхароў, яшчэ 50 тыс. былі сілай сагнаны ў Германію. Першыя беларускія вёскі былі спалены акупантамі не ў 1941-м, як многія думаюць, а тады, у 1915-м!.. Вялізнай трагедыяй для народа стала бежанства – сыход мірных жыхароў у тыл. Дакладнай лічбы беларускіх бежанцаў Першай сусветнай няма і на сённяшні дзень – розныя даследчыкі называюць ад 1,5 да 2,2 млн. Усе абочыны па шашы Мінск – Брэст у магілах бежанцаў 1915 г.

На сучасны погляд лічбы загінуўшых – 70 тыс. у радах арміі, 60 тыс. мірных жыхароў – могуць здацца не такімі вялікімі. Але для пачатку ХХ ст., якое яшчэ не ведала ні лагераў смерці, ні масавых распраў над мірным насельніцтвам, яны былі каласальнымі. Для параўнання – ва ўсёй руска-японскай вайне 1904–1905 гг. расійскае войска страціла забітымі 31 тыс. чалавек.

Можна супаставіць і са стратамі іншых краін у Першай сусветнай: Аўстралія – 59 тыс. загінуўшых, Канада – 56 тыс., Грэцыя – 26 тыс. Страты Беларусі цалкам параўнальныя са стратамі насельніцтва Бельгіі (тым больш што ў Бельгіі жыло прыкладна столькі ж людзей, колькі ў беларускіх губернях). Але дастаткова ўзяць любую кнігу па гісторыі Першай сусветнай, і вы прачытаеце, што Бельгія – адна з галоўных ахвяр вайны!..

Пры падрыхтоўцы праекта выкарыстоўваліся наступныя выданні:
Беларусь у гады Першай сусветнай вайны. Смаргоншчына: трагедыя, гераізм, памяць : матэр. Міжнар. навук.-практ. канф. (г. Смаргонь, 18–19 мая 2007 г.) / [навук. рэд.: А.М. Літвін, У.В. Ляхоўскі]. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2009. – 739 с., [16] л. іл. : іл., табл.

Из содерж.: Коваленя А.А. Первая мировая война: проблемы научных исследований в белорусской историографии; Літвін A.M. Першая сусветная вайна у гістарычнай памяці беларускага народа; Адамушко В.И. Архивные источники о событиях Первой мировой войны на территории Беларуси; Лигута В.Н. 810-дневное противостояние у Сморгони в 1915–1917 гг.; Карпеев И.В. Семь дней в июне... К вопросу о роли 2-й армии Западного фронта в летнем 1916г. наступлении российских войск; Новікаў С.Я. Беларусь перыяду Першай сусветнай вайны у германскай гістарыяграфіі; Кушнер В.Ф. Першая сусветная вайна: некаторыя праблемы гістарыяграфіі i метадалогіі; Острога В.А. Первая мировая война в белорусской историографии 1920–1930-х годов; Порошин А.А. Проблемы прорыва фронта в позиционной борьбе в годы Первой мировой войны в записке командира 5-го корпуса российской армии П.С. Балуева; Смольянинов М.М. Нарочская операция Первой мировой войны; Малышев Г.Н. Нарочанское эхо Вердена; Заворошкин В.Г. Действия русской армии в тылу врага во время Первой мировой войны; Бабкоў A.M. Беларусь в польской политике Германии (1915–1916 гг.); Хомич С.Н. Белорусское национальное движение в зоне немецкой оккупации (1915–1917гг.); Шарков А.В. Воинские захоронения Первой мировой войны на территории Беларуси: состояние, проблемы сохранения и ухода, т.д.

Богданов, В.А. По следам Первой мировой войны в Беларуси [Изоматериал] : Сморгонский район : фотоальбом / Владимир Богданов. – Минск : Гольфстрим, 2007. – 63 с., включая обложку : ил., цв. ил., фот.

Бондаренко, В.В. Во имя памяти святой… : Первая мировая война на белорусской земле : [для старшего школьного возраста] / Вячеслав Бондаренко. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя, 2014. – 109, [2] с. : ил., цв. ил., портр.

Брестский мир : 95 лет со дня подписания : библиографический указатель / УК "Областная библиотека им. М. Горького", Информационно-библиографический отдел ; [составители: Е. И. Жук, М. Н. Путилина; под общей редакцией А. Н. Вабищевича]. – Брест : Брестская типография, 2013. – 49 с., ил. – (Исторические символы Бреста).

Бароўка, В.Ю. Тыл Першай сусветнай вайны ў мастацкім асэнсаванні М. Лынькова і У. Гніламёдава / В.Ю. Бароўка // Первая мировая война: история, геополитика, уроки истории и современность : (к 90-летию окончания Первой мировой войны и началу формирования Версальско-Вашингтонской системы международных отношений) : материалы международной научной конференции, Витебск, 11–12 ноября 2008 г. / [редколлегия: В. А. Космач (главный редактор) и др.]. – Витебск, 2008. – С. 295–297.

Белая, А. І. Чалавек на вайне ў "Запісках…" М. Гарэцкага і М. Гумілёва / Алена Белая // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : XVII Гарэцкія чытанні : матэр. чытанняў, Мінск, 9 крас. 2009 г. : (прысвячаюцца Году роднай зямлі) / [рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2009. – С. 73–80.

Война и плен. Мартиролог : сборник / авт.-сост. Ю.Попов. – Минск : Юнипак, 2005. – 306 с. Из содерж.: Лигута, В.Н. Город воинской доблести и славы (оборона Сморгони 1915–1917). – С. 24–25; Попов, Ю.Н. Сражение под Нарочью спасает Париж. – С. 18–23.

Грамадчанка, Т.К. Традыцыі Максіма Гарэцкага ў беларускай ваеннай прозе / Таіса Грамадчанка // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : XVIІI Гарэцкія чытанні : матэрыялы чытанняў, Мінск, 11 чэрвеня 2010 г. : (прысвячаюцца 110-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага) / [рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2010. – С. 60–66.

Грахоўскі С. Другое жыццё паэта / Сяргей Грахоўскі // ЛіМ. – 1961. – 5 мая.

Ермаковіч, К.А. Чалавек на вайне ў творчасці Максіма Гарэцкага: трагічныя аспекты светабачання (на матэрыяле дакументальна-мастацкіх запісак "На імперыялістычнай вайне") / Кацярына Ермаковіч // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : (праблемы выдання спадчыны) : XIX Гарэцкія чытанні : матэр. чытанняў, Мінск, 18 лют. 2011 г. / [рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) і нш.]. – Мінск, 2011. – С. 111–115.

Жураўлёў, В.П. Мастацкія функцыі побыту ў рамане Міхася Лынькова “На чырвоных лядах” / Васіль Жураўлёў // Роднае слова. – 2001. – № 5. – С. 32–35.

Заяц, Н.В. Падзеі Першай сусветнай вайны ў мастацкім спасціжэнні Максіма Гарэцкага і Язэпа Пушчы / Наталля Заяц // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : (прабл. выдання спадчыны) : XIX Гарэцкія чытанні : матэр. чытанняў, Мінск, 18 лют. 2011 г. / [рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) і нш.]. – Мінск, 2011. – С. 139–144.

Каспяровіч, А.М. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны ў адлюстраванні айчыннай гістарыяграфіі / А.М. Каспяровіч // Актуальныя пытанні сучаснай навукі : зб. навук. прац / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Установа адукацыі "Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка" ; [рэдкал.: В.В. Бушчык (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2009. – С. 21–25.

Керсновский, А.А. История русской армии. – Белград : Изд."Царск. Вестника", 1933 –. – Ч. 1– . Ч. 3 (1881–1917 гг.). – , 1935 . – С. 493–752.

Клімуць, Я.І. Выяўленне падзей Першай сусветнай вайны ў паэме Якуба Коласа "На шляхах волі" / Я.І. Клімуць // Acta Germano-Slavica : зб. навук. арт. / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Установа адукацыі "Магілеўскі дзярж. ун-т імя А.А. Куляшова. – 2008. – Вып. 3. – С. 151–157.

Клімуць, Я.І. Праблемы вайны і незалежнасці ў творчасці Янкі Купалы / Я.І. Клімуць // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні : зб. навук. арт. / [рэдкал.: У.І. Каяла (адк. рэд.) і інш.]. – Гродна, 2009. – С. 66–69.

Лапата-Загорскі, А.М. Літаратурная вайна / А. Лапата-Загорскі // Вертаград : (Райскі сад) : матэрыялы XVI Міжнар. навук.-асвет. экспедыцыі "Дарога да Святыняў" з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, 2–6 верас.2009 г. : [зб. арт. і тэз. дакл. / праект, уклад. і рэд. Н.С. Загорскай і А.М. Лапата-Загорскага]. – Мн., 2009. – С. 33–42.

Лявонава, Е.А. Углыб аднаго твора : нацыянальнае і агульначалавечае ў вершы "Паязджане" Янкі Купалы / Ева Лявонава // Роднае слова. – 2010. – № 1. – С. 3–6.

Ляўковіч, М.Ф. Асэнсаванне трагедыі Першай сусветнай вайны праз жыццё і творчасць Максіма Гарэцкага. Папярэджанне нашчадкам / Мая Ляўковіч // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : XVIІI Гарэцкія чытанні : матэрыялы чытанняў, Мінск, 11 чэрв. 2010 г. : (прысв. 110-годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага) / [рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2010. – С. 107–115.

Русілка, В.І. Тэма Першай сусветнай вайны ў беларускай паэзіі / В. І. Русілка // Первая мировая война: история, геополитика, уроки истории и современность : (к 90-летию окончания Первой мировой войны и началу формирования Версальско-Вашингтонской системы междунар. отношений) : материалы междунар. науч. конф., Витебск, 11–12 нояб. 2008 г. / [редкол.: В.А. Космач (гл. ред.) и др.]. – Витебск, 2008. – С. 319–320.

Савіцкая, А.М. Псіхалагічны партрэт салдата-франтавіка (на прыкладзе аповесці М. Гарэцкага "На імперыялістычнай вайне") / А.М. Савіцкая // Первая мировая война: история, геополитика, уроки истории и современность : (к 90-летию окончания Первой мировой войны и началу формирования Версальско-Вашингтонской системы международных отношений) : материалы междунар. науч. конф., Витебск, 11–12 нояб. 2008 г. / [редкол.: В.А. Космач (гл. ред.) и др.]. – Витебск, 2008. – С. 297–298.

Смольянинов, М.М. Великая забытая война: к 90-летию окончания Первой мировой войны / Михаил Смольянинов, Сергей Третьяк // Юстыцыя Беларусі. – 2008. – № 10. – С. 75–79.

Сычова, С.А. Агульначалавечае, нацыянальнае, сацыяльнае ў аповесці Максіма Гарэцкага "Ціхая плынь" / Святлана Сычова // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : (праблемы выдання спадчыны) : XIX Гарэцкія чытанні : матэрыялы чытанняў, Мінск, 18 лют. 2011 г. / [рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) і нш.]. – Мінск, 2011. – С. 231–235.

Траццяк, З.І. Гісторыка-кантэкстуальны падыход да твора М. Гарэцкага "На імперыялістычнай вайне" / З.І. Траццяк // Вестн. Полоцкого гос. ун-та. Сер. А. Гуманитар. науки. – 2011. – № 10. – С. 23–27.

Траццяк, З.І. Лёс беларуса на Першай сусветнай вайне ў малой прозе М. Гарэцкага / З.І. Траццяк // Вестн. Полоцкого гос. ун-та. Сер. А. Гуманитар. науки. – 2013. – № 2. – С. 15–22.

Траццяк, З.І. Новыя шляхі асэнсавання спадчыны М. Гарэцкага аб Першай сусветнай вайне ў кантэксце даследаванняў, прысвечаных амерыканскай і заходнееўрапейскай літаратуры / З.І. Траццяк // Контексты мировой литературы : сб. науч. ст. : к 70-летию профессора А.А. Гугнина / М-во образования Респ. Беларусь, Учреждение образования "Полоц. гос. ун-т" ; [редкол.: Д.А. Кондаков (отв. ред.) и др.]. – Новополоцк, 2011. – С. 273–278.

Тычко, Г.К. Беларуская літаратура XIX–XX стагоддзяў: час і асобы / Г.К. Тычко ; М-ва культуры Рэсп. Беларусь, Бел. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў. – Мн. : БДУКіМ, 2010. – 265, [1]. – С. 100–101.

Тычына, М. Кузьма Чорны : эвалюцыя мастацкага мыслення / М.А. Тычына ; [навук. рэд. В.Ул. Івашын] ; Нац. акад. навук Беларусі, Дзярж. навук. установа "Ін-т літ. імя Я. Купалы.". – 2-е выд., выпр. і дап. – Мн. : Беларус. навука, 2004. – 192 с.

Фогель, В. Барановичи. 1916 г. / Вальтер Фогель ; пер. с нем. изд. Герм. Гос. архива А.И. Далина ; под ред. П.И. Изместьева. – Петербург : Гос. изд-во, 1921. – 57 с. – (Мировая война в отдельных операциях / Отд. воен. лит. при Революц. воен. совете Респ.).

Хведаровіч М. Пясняр залатой рані : Да 60-годдзя з дня нараджэння М. Багуна / М. Хведаровіч // ЛіМ. – 1968. – 15 лістап.

Щавлинский, Н.Б. Белорусская периодическая печать и книгоиздательство в годы Первой мировой войны (1914–1918) / Н.Б. Щавлинский // Сб. науч. тр. сотр. каф. "История, мировая и отечественная культура" / Под ред. В.А. Божанова, Д.Н. Хромченко. – Мн., 2014. – С. 179–193.

Ярмоленка, А.У. Першая сусветная вайна ў творчасці М. Гарэцкага / А.У. Ярмоленка // Актуальные проблемы филологии : сб. науч. ст. / М-во образования Респ. Беларусь, Учреждение образования "Гомел. гос. ун-т им. Франциска Скорины". – 2013. – Вып. 6. – С. 89–92.

Бондаренко, В.В. Сражения Первой мировой войны в Беларуси. 1915–1917 [Электронный ресурс] / Вячеслав Васильевич Бондаренко. – Минск, 2014. – Режим доступа : http://www.children-art.org/en/contest-in-rybnic/284-projects/perazo-stagoddzya-1914-2014/materyyaly-chytannya/455-srazheniya-pervo-mirovo-vony-v-belarusi-1915-1917. – Дата доступа : 29.07.2014.

Крыніца: www.nlb.by