среда, 5 октября 2016 г.

“Помнікі ахвярам Першай сусветнай вайны ў в. Вялікая Сваротва(Баранавіцкі раён) – спробы грамадскасці па рэстаўрацыі гістарычнага месца”.

ыклад з відэазапісу выступлення)


Віктар СЫРЫЦА

старшыня Баранавіцкай РадыТаварыства беларускай мовыімя Францыска Скарыны


Занядбаныя помнікі ахвярам
Першай сусветнай вайны ў вёсцы Вялікая Сваротва.
У Вялікай Сваротве трэба аднавіць помнік ахвярам Першай сусветнай вайны. У арганізацыі ТБМ такі вопыт аднаўлення ўжо ёсць. У 2010 годзе ў вёсцы Палонка Баранавіцкага раёна аднавілі помнік, пастаўлены ў 1992 годзе. Сябры ТБМ на лейцах паднялі 300-кілаграмовы помнік і паставілі яго на бетон. І вось стаіць помнік ужо 5 гадоў, людзі прыходзяць да яго, ускладаюць кветкі.
Ці зможам мы аднавіць помнік у В.Сваротве? Справа

ў тым, што ўвогуле многія месцы могілак Першай сусветнай вайны занядбаны. Месцамі вядзецца паўторнае пахаванне сучасных нябошчыкаў, а астанкі воінаў вывозяць на дарогу. Актывісты ТБМ вырашылі з гэтым змагацца. 
Вось фота могілак і помніка ахвярам Першай сусветнай вайны пад Русінамі (Літоўскі лес). Помнік аднавілі сучасныя жыхары Германіі, немцы. Яны зрабілі ўсё хораша і прыгожа.
Так трэба зрабіць і ў Вялікай Сваротве. На жаль, мясцовыя вандалы ўсё разбілі, разруйнавалі і расцягнулі. Трэба спяшацца, пакуль засталіся камяні з былога помніка і іх не расцягнулі на гаспадарчыя патрэбы. Тым больш, што з гэтага помніка захавалася мемарыальная пліта з прозвішчамі і інфармацыяй аб пахаваных там і прызнаных героямі воінаў, загінуўшых у 1917 годзе.
Да таго, у Сваротве знаходзіцца адзіная ў Беларусі і нават у Еўропе трохкутная царква. Яна занесена ў спіс помнікаў ЮНЭСКА. Таму аднаўленне помніка нямецкім героям, які стаіць каля самай дарогі – гэта справа гістарычнай памяці. Сябры Таварыства беларускай мовы звярталіся за дапамогай да раённых улад, прапануючы зрабіць справу па аднаўленню помніка разам з райвыканкамам (старшыня Хвацік). Быў напісаны ліст старшыні Пачапаўскага сельскага савета, у склад якога ўваходзіць В.Сваротва, з прапановай разам з ТБМ прыбраць гэтую тэрыторыю і ўсталяваць помнік. Старшыня сельсавета адгукнуўся і пагадзіўся працаваць сумесна з ТБМ. Звярталіся да Генеральнага консула Аўстрыі з прапановой наладзіць сувязі з арганізацыямі, якія займаюцца справай аднаўлення гістарычнай памяці свайго народа. Бо трэба знайсці карані тых, хто пахаваны на Баранавіцкай зямлі. Напісалі ў Галоўнае ўпраўленне па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны. Саставілі цэлы спіс вёсак, дзе знойдзены невядомыя пахаванні на Баранавіцкай зямлі.  Знайшлі фірму ”Мемарыял сервіс граніт”, якая распрацавала макет помніка. Цэлых пяць месяцаў фірма рабіла гэты макет, цягнула час. І справа яшчэ не завершана. Зараз трэба зрабіць каштарыс – распісаць колькі ўсё будзе каштаваць. І потым звязацца з Аўстрыйскай амбасадай на конт выдзялення сродкаў.

Прапануецца два варыянты помніку. 




Вось такі выгляд рэканструяванага помніка ў Вялікай Сваротве прапануе дызайнер фірмы “Мемарыял сервіс граніт”.
Праца вядзецца – і гэта галоўнае.  Мы вельмі ўдзячны газеце “Інтэкс-прэс” за рэпартаж аб могілках часоў Першай сусветнай вайны ў вёсцы Вольна Баранавіцкага раёна. Галоўная мэта ўсёй гэтай справы – прыцягнуць увагу грамадскасці і дзяржаўных структур да гістарычнай памяці, да ўвекавечання памяці ахвяраў войн.

Выклад паводле відэазапісу напісала Сырыца Таццяна.

Першая сусветная вайна на фотаздымках Язэпа Стаброўскага


Сяргей ЧЫГРЫН (Слонім)


Язэп Стаброўскі (1870-1968).
100 гадоў таму — 1 жніўня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. З пачаткам яе ў Беларусі разгарнулася мабілізацыя вайсковаабавязаных беларусаў на вайну. З аб’яўленнем мабілізацыі 17 ліпеня 1914 года і ў адпаведнасці з сакрэтным прадпісаннем камандзіра трэцяй грэнадзёрскай артылерыйскай брыгады на выпадак вайны за № 675, выдадзенае ў 1913 годзе, на вайну быў мабілізаваны і Язэп Стаброўскі (1870-1968) са Слоніма. Той самы Язэп Стаброўскі, які вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе, а потым працягваў вучобу ў Аляксандрыйскім артылерыйскім вучылішчы, дзе пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным. Той самы Язэп Стаброўскі, які перапісваўся з Львом Талстым. А ў час ганення Талстога царскім урадам, піша яму шчырае пісьмо ў знак падтрымкі пісьменніка, што нават у палку, дзе ён служыў, гэтым учынкам былі ўсе здзіўленыя. Той самы Язэп Стаброўскі, які служыў на Каўказе і вёў баі з Шамілём. Той самы Язэп Стаброўскі, які даслужыўся да палкоўніка, меў шмат ордэнаў і медалёў, які скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства. Той самы Язэп Стаброўскі, які восенню 1924 года арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава тады выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцця ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Язэп Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад слонімскімі наведвальнікамі 20 верасня 1929 года. Той самы Язэп Стаброўскі, які прызнаны яго землякамі самым знакамітым слонімцам ХХ стагоддзя.
Але гэта будзе пазней. А тады, з пачаткам Першай сусветнай вайны, Язэп Стаброўскі прыступіў да фарміравання 55-й артылерыйскай брыгады, якую і сам узначаліў. Вайну ён сустрэў на паўночна-заходнім тэатры баявых дзеянняў.
         Нямецкія войскі наступалі на Маладзечна, а аўстрыйцы — у раёне г. Сокал. Таму дзве рускія арміі пачалі адступаць, каб не трапіць у акружэнне. Сярод адступаючых была і 55-я пяхотная дывізія, да якой належала 55-я артылерыйская брыгада, якой камандаваў Язэп Стаброўскі. Пра гэта ён успамінаў: “ І вось усе атрады, якія знаходзіліся на плацдарме каля ракі Раўкі ў Польшчы, пачалі ўцякаць, бо германа-аўстрыйскія войскі не паспелі нам адрэзаць адступленне, і мы, паражняком, без баявых прыпасаў, якіх не хапала, без адпачынку, прайшлі і праехалі 900 км і дасягнулі мястэчка Турэц Мінскай губерні, дзе і размясціліся на зімоўку…”.
         Адной з галоўных прычын такога развіцця падзей Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі называў шпіёнскую дзейнасць, якая была разгорнута немцамі на фронце і ў тыле арміі Расійскай імперыі. “Усім было вядома, што рускі фронт быў перапоўнены афіцэрамі нямецкай нацыянальнасці і прытым на вышэйшых камандных пасадах”, — пісаў Язэп Стаброўскі ў сваіх запісах, якія захоўваюцца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі. Язэп Стаброўскі ўзгадвае пра двух затрыманых пры яго непасрэдным  удзеле шпіёнах. Адзін быў вельмі ветлівы, і нават перад простымі салдатамі здымаў капялюш, які яго і выдаў. Як аказалася пасля затрымання, ён даўно знаходзіўся ў вышуку. Другога позна вечарам Стаброўскі сам заўважыў. Невядомы чалавек размаўляў з салдатамі. Яго затрымалі, але ніякіх дакументаў пры ім не знайшлі, акрамя аднаго рубля, які Стаброўскі ўзяў, як рэчавы доказ і пад канвоем адправіў затрыманага чалавека да каменданта штаба корпусу. Аказалася, што нумар рубля быў яго канспірацыйным нумарам. Пазней шпіёна адправілі ў камендатуру Варшаўскай крэпасці.  
Калі 55-я артылерыйская брыгада знаходзілася каля горада Блонь недалёка ад Варшавы, адной з найважнейшых праблемаў, якая паўстала перад Стаброўскім, гэта было наладжванне сувязі, якая пастаянна перарывалася. Кабель часта абрэзвалі спецыяльна падрыхтаваныя людзі. Аднойчы вайскоўцы затрымалі яўрэя з Блоні, які хацеў перарэзаць тэлефонны кабель. За гэта яго расстралялі. Але ўсе роўна тэлефонныя кабелі псавалі. Тады Язэп Стаброўскі знайшоў выйсце. Ён загадаў узяць трох заложнікаў: равіна, настаўніка і аднаго простага яўрэя і сказаў, што, калі будзе яшчэ абрывацца тэлефонная сувязь — заложнікі будуць расстраляныя. Мясцовыя жыхары-яўрэі забілі трывогу і накіравалі да Стаброўскага асобную дэлегацыю з прапановай дазволіць ім наглядаць і ахоўваць тэлефонную лінію. Язэп Стаброўскі адпусціў заложнікаў, а тым, хто сачыў за лініяй, выдаў асобныя нумары, якія нашываліся на вопратку і гэтыя людзі прыступілі да аховы. З таго часу тэлефонная сувязь больш не псавалася.
У баі з немцамі на рацэ Раўка пад Баржынёвым 18 мая 1915 года Язэп Стаброўскі быў атручаны ўдушлівым газам. Але яго ўдалося выратаваць. У лістападзе 1915 года ён прымае актыўны ўдзел у баях каля Баранавіч, у 1916 годзе — у баявых дзеяннях каля возера Нарач. Загадам № 3307 галоўнакамандуючага арміяй Заходняга фронту Язэп Стаброўскі быў узнагароджаны ордэнам Святога Раўнаапостальскага князя Уладзіміра 4 ступені, да якога дадалі яшчэ мячы і каснік. 7 чэрвеня 1916 года Стаброўскі атрымаў званне палкоўніка рускай арміі, а яго 55-я артылерыйская брыгада была перайменавана ў 55-ы паркавы артылерыйскі дывізіён. У канцы 1916 года Язэп Стаброўскі атрымаў яшчэ адзін ордэн Святога Раўнаапостальскага князя Уладзіміра 3 ступені, а таксама — ордэн Святой Ганны другой ступені з мячамі.
У войску Язэп Стаброўскі знаходзіўся ажно да красавіка 1918 года. А калі пайшоў у адстаўку, вярнуўся ў родны Слонім і да канца жыцця займаўся краязнаўствам, гісторыяй, археалогіяй.

У гады Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі не толькі ваяваў, але вёў запісы і фатаграфаваў будні салдат, жахі вайны, людское гора. А калі прыехаў у Слонім, то зрабіў адмысловы альбом са здымкамі. Гэты альбом ён назваў “Крывавым следам”. Ён налічвае 300 фотаздымкаў. Кожны здымак Стаброўскі падпісваў, рабіў невялікі каментар. Альбом Язэпа Стаброўскага збярогся да сённяшніх дзён. Ён захоўваецца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага. Прапаную некалькі здымкаў Першай сусветнай вайны Язэпа Стаброўскага.

На вайсковым аглядзе.

Маленькі бежанец, які згубіў сваіх бацькоў.

Сіроты.

Ажыўленне кіслародам тых, хто атруціўся газам.

Нямецкія сёстры міласэрнасці.

Рэзерв.

Свежыя магілы.

четверг, 5 ноября 2015 г.

среда, 4 ноября 2015 г.

Даследванне пахаванняў Першай Сусветнай вайны ў вёсцы Кісялі Баранавіцкага раёна






Даследванне пахаванняў Першай Сусветнай вайны ў вёсцы Скробава Баранавіцкага раёна