среда, 5 октября 2016 г.

Генерал Яўген Андрэевіч Іскрыцкі, украінска-беларускія карані


Раіса АЎЧЫННІКАВА


Герб рода Іскрыцкіх.
Будучы герой Першай Сусветнай вайны Яўген Андрэевіч Іскрыцкі нарадзіўся 3 сакавіка 1874 года на Чарнігаўшчыне ў горадзе Старадубе, бліз якога знаходзіліся зямельныя ўладанні сям’і Іскрыцкіх. Мала хто ведае, што гэта сям’я мела цесную сувязь не толькі з украінскай, расійскай, але і з беларускай зямлёй.
Па сямейнаму паданню Іскрыцкія з’явіліся на тэрыторыі Украіны з Польскага каралеўства ў 17-м стагоддзі. Гісторыя роду Іскрыцкіх выводзіцца ад кіеўскага шляхціца Міхайлы Іскрыцкага, які ажаніўся на сястры гетмана Правабярэжнай Украіны Паўла Цяцеры, або Меражкоўскага. Меў двух сыноў – Крыштафа і Базыля. Сын Базыль (Васіль па-руску) быў выхаваны пры польскім каралеўскім двары, Сеймам яму было зацверджана шляхецтва. Прымаў удзел як ротмістр Дымерскі ў бітках пад сцягам караля Яна Сабескага ІІІ. Выконваў ролю каралеўскага агента, каб дабіцца перахода запарожскага казацтва на бок караля. Памёр у 1696 годзе. Сын Базыля – Рыгор Іскрыцкі перайшоў на тэрыторыю Левабярэжнай Украіны і служыў ужо ў  расійским Сумскім Слабодскім палку, загінуў у 1708 годзе. Яго сын Пётр Рыгоравіч ажаніўся на дачцы багача са Старадуба Алене Скарупа. Дачка Базыля – Улляна выйшла замуж за гетмана Левабярэжнай Украіны Данілу Апостала. Менавіта ад гетмана Апостала Пётр Іскрыцкі атрымаў ва ўладанне землі ў Чарнігаўскім ваяводстве, якія раней належылі Мглінскай ратушы, да іх паступова Іскрыцкія далучалі навакольныя тэрыторыі, на якіх закладалі новыя пасяленні. Сямейнае прозвішча Іскрыцкіх утворана ад назвы пасялення Іскрыца, або Іржач былога Суражскага павета Чарнігаўскай губерніі. Зараз гэтыя землі клінам удаюцца ў тэрыторыю Беларусі і прыналежаць да Бранскай вобласці РФ.
Вядома, што ў канцы 18-га стагоддзя Пётр Іскрыцкі стаў маршалкам шляхты Старадубскага павета. Сваіх сыноў - Андрэя, Рыгора і Міхаіла, пасылаў на навучанне ў Мсціслаўскае іезуіцкае вучылішча. З далучэннем тэрыторыі Беларусі да Расійскай Імперыі Іскрыцкія падчас дзяржаўнай службы добра тут абагаціліся, асабліва ў часы праўлення іх сябра графа Гудовіча і падчас вайны з Напаліёнам. Некаторыя Іскрыцкія прымалі ўдзел у гэтай вайне на баку расійскай арміі. Палонны французскі доктар де ля Фліз апісаў у дзённіку сваё знаходжанне ў маёнтку Аляксандра Міхайлавіча Іскрыцкага ў Далісічах. Аляксандр Міхайлавіч Іскрыцкі (1782-1843), былы Обер-сакратар Урадавага Сената, меў таксама маёнтак на 500 душ ў Магілёўскай губерніі. Жонка яго Антаніна Сцяпанаўна паходзіла з Мянжынскіх. Гаспадар вельмі адмоўна адносіўся да асобы Напаліёна. Хоць ад служэння адыйшоў, але выпісваў мноства еўрапейскіх часопісаў і пільна сачыў за палітычнымі падзеямі.
Сын Аляксандра Міхайлавіча – Даміан (1803-1831), падпаручык гвардыі Генштаба быў членам Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Пасля адбыцця пакарання прымаў удзел у руска-турэцкай вайне 1828-1829 гг. Памёр ад малярыі на Каўказе.

Біяграфіі дзяцей і унукаў Пятра Іскрыцкага:

Андрэй Пятровіч з жонкай з роду Забэллаў меў 4 сыноў: Мікалая, Юрыя, Пятра і Івана. Юрый і Пётр памёрлі халастымі. Іван даслужыўся да чына паручніка, Мікалай – маёра. 
Рыгор Пятровіч пражыў больш 80 год, меў чын надворнага саветніка. Міхаіл  Пятровіч, калежскі саветнік, меў 6 дзяцей: Івана, Аляксандра, Пятра, Аляксея, Фёдара і Варвару. Пётр і Аляксандр Іскрыцкія вучыліся ў Шклоўскім корпусе і пры Паўле І былі пераведзены ў Гродна. Фёдар выхоўваўся братам Іванам, вучыўся ў ІІ-м Пецярбургскім кадэцкім корпусе. Аляксея расціснула гарматай на вайне з Напаліёнам. 
Іскрыцкі Аляксандр Аляксандравіч, пляменнік Пятра Іскрыцкага – палкоўнік Генштаба, у 1846 годзе ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-га класа.
У 1844 годзе 31 ліпеня калежскі сакратар Андрэй Васільевіч Лішын, пісьменнік, аўтар вядомых гістарычных успамінаў, правёў падзел маёмасці і маёнткаў з афармленнем “Падзельнага Акта” паміж Аляксандрам, Міхаілам і Андрэем Іскрыцкімі, якія па рэвізіі 1834 года былі запісаны за іх бацькам – сапраўдным стацкім  саветнікам, Кавалерам Аляксандрам Міхайлавічам Іскрыцкім. Гэтыя цікавыя гістарычныя дакументы былі знойдзены ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Лішыным былі падзелены коні, быдла, экіпажы, мэбля, посуд, бронза, фарфор, бялізна. Маёнткі з крэпаснымі сялянамі былі падзелены на тры часткі:
1.     Аляксандру Аляксандравічу дасталіся маёнткі ў Суражскім павеце Чарнігаўскай губерніі – Іржач, Крамаўка ці Дальноўка, Леўчая, Лубенькі, 16 душ з сяла Душацін, Грабаўка пакойнага дзядзькі Пятра Міхайлавіча Іскрыцкага, а таксама Васільеўка, Камаўка, Слабада Пакроўская, Улазавічы, Міхайлаўка і іншыя.
2.     Надворны саветнік і Кавалер Міхаіл Аляксандравіч атрымаў там жа сялян у мястэчку Душацін, вёсках Андрэеўка, Міхайлаўка, Семена і іншых.
3.     Калежскі рэгістратар Андрэй Аляксандравіч атрымаў у нашчадства маёнтак Такарня ў Ігуменскім павеце Мінскай губерніі з вёскамі Такарня, Ясноўка, Забалаць, Дубавая, Сардзілаўка, Пагуляйка і сяло Перажыр агульнай плошчай 4545 дзесяцін, усяго сялянскіх душ 573 разам са збеглымі. А таксама там жа гасподскія дамы, хутары, розную маёмасць, коней, скаціну, медны і жалезны посуд. Яму ж павінны былі вярнуць беларускіх сялян, вывезеных раней у Чарнігаўскія маёнткі.
Сын Фёдара, бацька нашага героя, Андрэй Фёдаравіч Іскрыцкі нарадзіўся 21 мая 1841 года ў радавым маёнтку Іскрыцкіх у сяле Дрогаў, скончыў курс Першага Кадэцкага корпуса. З 1860 года – прапаршчык Лейб-Гвардзейскага Егерскага палка, у 1861 – падпаручык стралковага палка Імператарскага батальёна. Пасля выхада ў адстаўку пражываў на радзіме ў Суражскім павеце. Прыкладна ў 1871 годзе ён ажаніўся. Яго абранніцай стала Зінаіда Сяргееўна з Далгова-Сабуравых. З 1877 года Андрэй Фёдаравіч пасяляецца з сям’ёй у Мінску, дзе займае пасаду старшага рэвізора Мінскага губернскага акцызнага Упраўлення. Пражываў у Мінску па вуліцы Захар’еўскай у доме Івашкевіча. Меў чын калежскага саветніка, з 1887 – стацкі саветнік, з 1892 – сапраўдны стацкі саветнік. З гэтага ж года пераехаў у Коўна, прызначаны тут Упраўляючым акцызнымі зборамі Ковенскай губерніі, памёр 2.03.1898 года ў Коўна. Да самай смерці не парываў сувязі і з роднай Чарнігаўшчынай. Разам з братам Іванам Фёдаравічам абіраўся Ганаровым Міравым суддзём Суражскага павета. Займаючы важныя пасады ў беларускіх губерніях А.Ф.Іскрыцкі прыкупліваў тут маёнткі. Спачатку набыў землі у Цараўскай воласці Слуцкага павета. У 1882-1883 гг. у Мінскім павеце выкупіў буйныя маёнткі Апчак і Буцавічы. У час працы ў Ковенскай губерніі далучыў да сваіх землеўладанняў і мясцовыя землі.
Родны брат бацькі Іскрыцкі Іван Фёдаравіч – Суражскі павятовы маршалак Чарнігаўскай губерніі з 1869 па 1875 год. З 1880 па 1890 год з’яўляўся віцэ-губернатарам Гродзенскай губерніі, Ганаровы Міравы суддзя Суражскага павета. Па дадзеных В.Л.Мадзалеўскага (1910) меў чын стацкага саветніка, быў халастым.
Жонка Андрэя Фёдаравіча Іскрыцкага – Зінаіда Сяргееўна паходзіла з  дваран Магілёўскай губерніі. Яе брат Аляксандр Сяргеевіч Далгова-Сабураў свой чыноўніцкі шлях пачаў у 1873 годзе з працы судовым следчым якраз у Суражскім павеце. У 1881 годзе перайшоў на працу ў канцылярыю Віленскага генерал-губернатара. У 1887 годзе А.С.Далгова-Сабураў быў абраны маршалкам Навагрудскага павета. З 1894 ён Чарнігаўскі, а з 1902 – Віленскі віцэ-губернатар. З 1904 па 1916 год – маршалак дваранства Мінскай губерніі. Лёс пасля рэвалюцыі невядомы.   
Па духоўнаму запавету мужа ад 1892 года Зінаіда Сяргееўна Іскрыцкая наследавала маёнтак Буцавічы ў Мінскім павеце. Адзначана ў спісах жыхароў Мінска ў 1909-1910 годзе, пражывала па вул. Падгорнай у доме Франкоўскага, была членам Мінскага “Турэмнага камітэта”. Пасля рэвалюцыі ад’ехала ў эміграцыю. Жыла ў Берліне, памёрла 1 лістапада 1937 года ва ўзросце 89 год. Пахавана на праваслаўных могілках “Цегель” у Берліне.
Зінаіда Сяргееўна мела з мужам дзевяць дзяцей: Марыю (нар. 3.05.1872), Надзею (нар. 1.05.1876), Вольгу (нар. 15.05.1877), Зінаіду (нар. 26.05.1878), Аляксандру (нар. 1.05.1880), Екацярыну (нар. 13.09.1881), Міхаіла (нар. 18.06.1873), Яўгена (нар. 3.08.1874), Дзімітрыя (15.05.1884). Апошні  сын памёр рана 8.03.1902 г.
Сваім дочкам Іскрыцкія шукалі жаніхоў сярод самых арыстакратычных колаў тагачаснай Расійскай Імперыі. Старэйшая з дачок Марыя Андрэеўна выйшла замуж за палкоўніка Уладзіміра Аяксандравіча Болатава. Надзея Андрэеўна – за штабс-капітана барона Экстэна Уладзіміра Аляксандравіча.  Пасля смерці Экстэна другім мужам  Надзеі Андрэеўны стаў барон Аляксандр Эмільевіч Нольдэ. У 1902 годзе яшчэ адна дачка Андрэя Фёдаравіча – Аляксандра Андрэеўна выйшла замуж за барона Барыса Эммануілавіча Нольдэ, вядомага рускага прававеда, сына саветніка цара Эммануіла Нольдэ. Яе прыгожы партрэт работы  прыдворнага мастака і іх сваяка Канстанціна Сомава знаходзіцца ў Рускім музеі ў Пецярбурзе. Памёрла Аляксандра ў 1930 годзе. Вольга Андрэеўна Іскрыцкая стала жонкай Івана Іванавіча Лістоўскага. Зінаіда Андрэеўна выйшла замуж за князя Івана Пятровіча Шахаўскога, пасля з ім развялася, памёрла ў 1947 годзе.
Больш за іншых мне ўдалося даследаваць лёс Надзеі Андрэеўны Іскрыцкай (па мужах Экстэн, Нольдэ). Валодаючы маёнткам Апчак, а пасля Буцавічамі, Пашкавічамі і Заямна паблізу Мінска, яна пражывала тут толькі ў час сельскагаспадарчых прац летам. Зімой кватаравала ў Пецярбургу на прэстыжнай Фурштацкай вуліцы. Кватэру побач здымала і яе маці Зінаіда Сяргееўна. Пецярбург быў трэцяй кропкай, пасля Чарнігаўшчыны і Мінскіх уладанняў, дзе збіралася разам сям’я Іскрыцкіх.
Старэйшы сын Іскрыцкі Міхаіл Андрэевіч нарадзіўся ў 1873 годзе ў Чарнігаве. У 1895 годзе скончыў Імперскае вучылішча прававодства і заняў пасаду сакратара і судовага следчага Акружной Віленскай Судовай Палаты. З 1898 года пасяліўся ў Суражскім павеце, адкуль часта наязджаў да маці ў Буцавічы. У Буцавічах заключаў дамовы з арандатарамі, дапамагаў маці па юрыдычных пытаннях. Суражскі маршалак у 1907-1909 гг., Ганаровы Міравы суддзя Суражскага павета, член ІІ-й і ІІІ-й Дзяржаўнай Думы ад Чарнігаўскай губерніі, стацкі саветнік. Валодаў разам з маткай, братамі і сёстрамі на Беларусі маёнткамі Вызна (3254 дзес.), Балотніцы і хутарам Антонаўка (1772 дзес.), Новы Двор (1177 дзес.), Апчак (958 дзес.); у Суражскім павеце хутарам Кісялёва (1004 дзес.); за ім адным запісаны – у Шавельскім павеце маёнтак Олктрышкі (1207 дзес.), у Суражскім павеце – вёска Княжая (2988 дзес.). Па дадзеных З.Дразда ў 1900-1917 гг. за Міхаілам Андрэевічам быў запісаны маёнтак Студзёнка (349 дзес.) ў Навагрудскім павеце. Гісторыя гэтага ўладання нступная. У 1889 годзе яе набыў у Гогенлое купец Шэпелер, які ў сваю чаргу прадаў Студзёнку бацьку рускага паэта Георгія Іванова.  У 1900 Уладзімір Іваноў заклаў маёнтак у Маскоўскім пазямельным банку і часткова ў Міхаіла Іскрыцкага. У лютым 1906 сядзіба згарэла і Іскрыцкі атрымаў за яе страхоўку. Выкупіў маёнтак у 1908 годзе і да 1911 распрадаў яго мясцовым сялянам. У З.Дразда таксама адзначана, што Новы Двор (806 дзесяцін) Слуцкага павета запісаны за сястрой Аляксандрай, а маёнтак Вызна (2436 дзесяцін) таго ж павета за братам Яўгенам Андрэевічам. Іскрыцкія ў пачатку ХХ стагоддзя мелі валоданні і ля Баранавіч у Старой Мышы. Міхаілу Андрэевічу таксама належылі землеўладанні ў Арлоўскай губерніі. Яго жонка – княжна Анастасія Пятроўна Шахаўская (нар. 3.08.1874-1968), дачка князя Пятра Іванавіча Шахаўскога, члена Дзярждумы ад Тульскай губерніі. Міхаіл Іскрыцкі ў Далісічах прывёў у парадак радавую сядзібу, пабудаваў царкву, абсталяваў лазарэт і дзіцячы садок. Таму мясцовае насельніцтва адносілася да яго вельмі прыязна. Пасля Лютаўскай рэвавалюцыі быў прызначаны Губернскім камісарам Часовага Урада ў Чарнігаўскай губерніі. У 1919 годзе Міхаіл Андрэевіч з жонкай эмігрыраваў у Францыю, быў членам Рускага Эміграцыйнага Камітэта. Памёр у Марсэлі ў 1968 годзе. Яго нашчадкі пражываюь у Францыі.
Удзельнік Першай Сусветнай генерал-лейтэнант Яўген Андрэевіч Іскрыцкі быў другім сынам у сям’і, нарадзіўся ў 1874 годзе ў горадзе Старадубе. У маленстве пражываў з бацькамі ў Мінску, быў аддадзены на навучанне ў Першы кадэцкі корпус у Пецярбургу, дзе навучаўся і яго бацька. З 1890 года прадоўжыў навучанне ў Першым Паўлаўскім вучылішчы, якое скончыў у 1892 годзе. Службу пачаў падпаручыкам 11-й артылерыйскай брыгады ў горадзе Роўна. Пасля служыў у лейб-гвардейскай 3-й артылерыйскай брыгадзе і гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе. У 1897 годзе ажаніўся. У 1898 годзе падчас вучобы ў Мікалаеўскай акадэміі Генштаба паручык Іскрыцкі ўдзельнічаў у іспытах агнямёта канструкцыі рускага афіцэра Зігерн-Корна. У 1899 годзе скончыў акадэмію па першаму разраду. У 1900-1901 гадах – выкладчык тактыкі і ваеннай гісторыі Аляксееўскага ваеннага вучылішча. З 15 кастрычніка 1901 адбываў цэнзавае камандаванне ротай 12-га Астраханскага палка. З 14 жніўня 1902 года – памочнік старшага ад’ютанта Штаба Маскоўскай ваеннай акругі, з 19 кастрычніка 1902 – памочнік справаводцы генерал-кватэррмайстра Галоўнага штаба. У 1904-1908 гг. – штаб-афіцэр пры камандуючым войскамі Маскоўскай акругі. У  1908 адбыў цэнзавае камандаванне батальёнам 50-га пяхотнага Беластоцкага палка. З канца гэтага ж года ізноў у апараце Генштаба. З 14 студзеня 1911 года – ваенны агент у Румыніі. Прымаў удзел у паходзе румынскай арміі ў Балгарыю. Пасля вяртання прызначаны з 19 жніўня 1913 года начальнікам ваенна-ўліковага архіва і бібліятэкі Галоўнага ўпраўлення Генштаба. З 8.03.1914 – камандзір 148-га Каспійскага палка. У складзе 37-й пяхотнай дзівізіі ўдзельнічаў з палком у Галіцыйскай, Варшаўска-Івангародскай, Сандамірскай аперацыях. У баі пад Залешанамі атрымаў скразное раненне носа, але поле боя не пакінуў. Аб раненні палкоўніка Іскрыцкага паведаміла газета “Рускае слова” ад 24 вераня 1914 года, там жа было напісана, што палкоўнік застаўся на полі боя. За праяўленую асабістую мужнасць у баях пад Люблінам ЯА.Іскрыцкі быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам і Георгіеўскай зброяй. За Вісленскую аперацыю атрымаў ордэн Святога Уладзіміра 3-й ступені з мячамі.
У архівах захаваліся загады па Каспійскаму палку, падпісаныя палкоўнікам Іскрыцкім, вось адзін з іх ад 30 кастрычніка 1914 года:
“Командирам батальёнов, начальнику команды разведчиков от командира Каспийского полка от 30 октября 1914 г.
Сведений о противнике нет. Левее нас 3-я Кавказская казачья дивизия и 21-й армейский корпус, о них также сведений нет. Сегодня наш корпус переходит по направлению к Кракову. Полковнику Салькову выстроить полк в походной колонне в 9 час. 30 минут утра головой команды у штаба полка и двинуться вслед за проходом артиллерии на д.Пянтковец и далее. Большой привал до 1 часу в Радомысле.
                          Полковник Искрицкий”
З 4.11.1914 Я.А.Іскрыцкі прызначаны камандзірам лейб-гвардыі Паўлаўскага палка ў складзе 2-й брыгады 2-й гвардзейскай пяхотнай дзівізіі 12-й Арміі. У пачатку лютага полк Іскрыцкага перакінуты ў Польшу пад Ломжу. Тут з 8 па 17 лютага полк вёў выключна цяжкія баі, стрымліваючы атакі нямецкіх войскаў, пакуль не пачаўся наступ рускай арміі. За баі пад Едвабнай Іскрыцкі атрымаў ордэн Святога Станіслава 1-й ступені з мячамі і яму быў прысвоены чын генерал-маёра. У час наступу немцаў пад Праснышом у чэрвені-ліпені 1915 года Паўлаўскі полк атрымаў даручэнне прыкрываць адыход асноўных сіл. У час гэтых баёў загінула каля 800 паўлаўцаў, але пастаўленая задача была выканана. За гэта генерал Іскрыцкі быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені.
З жніўня 1915 Яўген Андрэевіч Іскрыцкі знаходзіўся пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Тут ён пад кіраўніцтвам начштаба М.В.Аляксеева прымаў удзел у распрацоўцы баявых дзеянняў, інспектаваў войскі. У студзені 1916 атрымаў чарговую ўзнагароду – ордэн Святой Ганны 1-й ступені з мячамі. 29 лютага быў прызначаны начштаба 9-га армейскага корпуса 4-й арміі Заходняга фронта. Удзельнік Баранавіцкай аперацыі, якая праводзілася рускімі войскамі пад камандаваннем генерала А.Е.Эверта з 3 па 25 ліпеня 1916 года. 9-ы і 35-ы армейскія карпусы былі вызначаны камандаваннем як раз для нанясення галоўнага ўдара. Хаця аперацыя рыхтвалася некалькі месяцаў, вялікіх вынікаў наступ рускіх войск не прынёс. Удалося захапіць толькі першую лінію абароны праціўніка, але вельмі  вялікай цаной. 7 ліпеня на пазіцыі рускіх войскаў прыбыў англійскі карэспандэнт Роберт Уілтан. У штабе 9-га корпуса ён сустрэўся з генераламі Драгаміравым і Іскрыцкім. Уілтан у час наступу ў бок Гарадзішча праявіў асабістую мужнасць, пасля гібелі рускіх афіцэраў спыніў паніку сярод салдат і змог забяспечыць іх адвод з-пад агня праціўніка. За гэты подзвіг ён быў удастоены ордэна Святога Георгія. Агульныя страты рускай арміі ў Баранавіцкай аперацыі склалі каля 80 тысяч салдат і афіцэраў. Негатыўную ролю адыграла слабая праца разведкі, дрэнная артыллерыйская падрыхтоўка. Але стратэгічныя задачы былі выкананы. Баранавіцкая аперацыя не дала магчымасць германскаму камандаванню перакінуць войскі ў раён Брусілаўскага прарыву на Паўднёва-Заходнім фронце.
На тэрыторыі Беларусі Я.Ф.Іскрыцкі таксама прымаў удзел у аперацыях пад Маладзечна, Смаргонню і Крэва. За праяўленую асабістую мужнасць быў узнагароджаны салдацкім Георгіеўскім крыжом з пальмавай галінкай.
7 лютага 1917 года Іскрыцкі прызначаны камандзірам 168-й пяхотнай дзівізіі.  З 3.07.1917 - камандзір І-га Сібірскага корпуса 10-й арміі Заходняга фронта. З боллю ўспрыняў падзенне дысцыпліны сярод войскаў пад уплывам агітацыі баьшавікоў. У выніку чаго заваяваныя нямалай крывёю пазіцыі былі страчаны. Корпус быў распушчаны 18 лютага 1918 года. Пасля дэмабілізацыі са старой арміі ў 1918 годзе Іскрыцкі дабравольна ўступіў у Чырвоную Армію, быў прызначаны камандзірам 1-й брыгады Сібірскіх стралкоў, якая змагалася з немцамі ў лютым 1918 года. Аднавіў 7-ю рускую Армію на Паўночным фронце. У чырвонаармейскай характарыстыцы генерала было ўказана: “высокаадукаваны спецыяліст, які глыбока ведае ваенную справу, мае багаты баявы вопыт, атрыманы ў Першай Сусветнай вайне”. Ваяваць з белымі фармаваннямі і эстонскімі войскамі адмовіўся па прынцыповых прычынах і перайшоў на выкладчыцкую працу. Да Кастрычніцкага перавароту адносіўся адмоўна, перажываў гібель многіх сваіх сяброў і блізкіх. У 1923 годзе выйшаў у адстаўку па стану здароў’я. З 1924 года – выкладчык Ваенна-Палітычнай акадэміі і Інстытута інжынераў шляхоў зносін. Быў арыштаваны 29 кастрычніка 1929 года па вядомай справе “Вясна”, як “удзельнік кантрэвалюцыйнай афіцэрскай арганізацыі”. Па паказаннях сведкі Іскрыцкі  “доўгі час адмаўляўся насіць форму РККА з брэзглівасці”. 12 красавіка 1931 года Я.А.Іскрыцкі быў асуджаны да 10 год папраўчых лагераў, але праз два гады быў адпушчаны па ўзросту з абмежаваннем у правах. Працаваў настаўнікам у г.Арле, куды была выслана яго глухая дачка Наталля. У 1935 Наталля і сын Андрэй былі высланы ў Атбасар Карагандзінскай вобласці. У 1937 годзе генерал Іскрыцкі быў ізноў арыштаваны, пасля 1947 года высланы ў Казахстан, памёр у Чымкенце 27.07.1949 года. Аўтар ваенна-статыстычных апісанняў Маскоўскай губерніі і іншых публікацый. Жонка – Эла (Елена Андрэеўна) фон Кнорынг. Мелі 4 дзяцей: Наталлю Яўгенаўну (12.07.1998-4.03.1981), Андрэя Яўгенавіча (27.02.1900-27.02.1942), Дзімітрыя Яўгенавіча (18.04.1903-26.08.1973), Кірыла Яўгенавіча (12.03.1907-14.07.1931).   
Старэйшы сын Андрэй быў ваенным інжынерам, будаваў абарончыя збудаванні ў Ленінградзе, загінуў у час блакады. Сын Дзімітрый стаў прафесарам Караблебудаўнічага інстытута ў Ленінградзе. Выкладаў прадмет “Будаўнічая механіка машын”. Студэнты прысвоілі яму мянушку “князь” за яго высакародныя манеры ў паводзінах і адзенні. У 1969 годзе прафесар наведаў сваю прарадзіму ў Суражы. Тут ён знайшоў парушаныя магілы родзічаў Іскрыцкіх. У пісьме прасіў мясцовую адміністрацыю навесці парадак на могілках, пасля гэтага парушаныя помнікі знеслі зусім. Такі быў злы савецкі час. У Суражы захавалася прыгожая капліца-ўсыпальніца жонкі  мясцовага баагача Ісаева, якая памылкова лічыцца ўсыпальніцвй адной з Іскрыцкіх. Пасяля рэвалюцыі яна была раграблена, астанкі выкінуты. Праўда, зараз кпліца адрамантавана і лічыцца славутасцю Суража. А ў вёсцы Далісічы Дуброўскай сельскай адміністрацыі захавалася сядзіба Іскрыцкіх, якая складаецца з панскага дома і двух флігеляў. Пасля рэвалюцыі мясцовыя сяляне абаранілі сядзібу ад руйнавання.   
У Апчаку сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы  маёнтка Іскрыцкіх былі пашкоджаны падчас вызвалення Мінска ў 1944 годзе. Канчаткова былі знесены ў 70-я гады.
Адна з Іскрыцкіх, уладальніца маёнтка Такарня Ігуменскага павета, выйшла замуж за вядомага землеўладальніка Івана Бунге. Яе магіла, магіла яе  сястры і маці, радавая капліца знаходзілася на могілках у вёсцы Новы Двор Мінскага раёна. Нажаль, яны таксама парушаны вандаламі ўжо ў нашыя часы.
Дзімітрый Яўгенавіч Іскрыцкі ў 1970 годзе перадаў некаторыя дакументы і фотаздымкі сям’і Іскрыцкіх у Бранскі краязнаўчы музей. У тым ліку фотаздымак Я.А.Іскрыцкага на манёўрах Чырвонай Арміі.
Род Іскрыцкіх раскіданы па свеце. Нашчадкі былога шляхціца Міхайлы Іскрыцкага жывуць у Беларусі, Украіне, Расіі, Германіі, Італіі, Англіі. Толькі на сучасных “Белых старонках”  Вялікабрытаніі пералічаны 19 Іскрыцкіх. Так што, сапраўды, гэтаму “роду няма пераводу”.

Дззекабрыст Даміан Іскрыцкі.
А.С. Далгоў-Сабураў,
брат маці З.С. Іскрыцкай.


 Я.А. Іскрыцкі.
Н.А. Іскрыцкая.
 М.А. Іскрыцкі.
А.А. Іскрыцкая.
Дз.Я. Іскрыцкі.
Дачка Н.А. Іскрыцкай.
Я.А. Іскрыцкі на пляцы з палком, архіў РФ.
Г-л Абрам Міхайлавіч Драгамірў –
  камандзір 9-га армейскага корпуса.
Сядзіба Іскрыцкіх у Далісіх.
Сядзіба А.Ф. Іскрыцкага канца 19 ст.  у Апчаку (рэканструкцыя А.Т.Федарука).
Рэшткі фундамента сядзібнага дома Іскрыцкіх у Апчаку, 2011 г.

Выкарыстаныя крыніцы і літаратура:

1. НГАБ, фонд 147, вопіс 3, справа 31447, л. 1 (Дело о вводе во владение имением Буцевичи коллежского советника Андрея Фёдоровича Искрицкого, 22.01.1882).
2. Ля Флиз де. Поход Наполеона в Россию, М., 2003.
3. Дудицкий–Лишин Л.И. Журнал ежедневных занятий подполковника Луки Иванова Дудицкого-Лишина, Чернигов, 1834.
4. Лазаревский А.М. Описание старой Малороссии, Киев, 1888.
5. Дрозд Д. Землевладельцы Минской губернии 1900-1917, Мн., 2013.
6. Электронны сайт «Деснинские древности. Вып. V, с. 142-144.
7. ГАРФ, фонд 8409, вопіс 1, справа 761, л. 52-53; дело 767, л. 131-137; дело 927, л.1; д. 1382, л. 147; д. 1447, л. 66.
8. Тинченко Я.Ю. Голгофа русского офицерства в СССР 1930-1931, М., 2000.
9. Залесский А. Кто был кто в Первой Мировой войне, М., Астрель, 2003.
10. Любомудров А.А. Георгиевский кавалер с лавровой ветвью (Генерал-лейтенант Евгений Андреевич Искрицкий) // КЛИО, №3, 2010.

11. Оськин М. Год 1916-й. Битва под Барановичами // Электронны сайт «Историческая правда».

“Вайсковыя пахаванні Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі ў іх сучасным стане”.

(выклад з відэазапісу выступлення)


Уладзімір БАГДАНАЎ

журналіст, сябра апякунскай Рады музея і фонда “Крокі”

  
2014 год – год стагодзя пачатку Першай сусветнай вайны – першай глабальнай гуманітарнай катастрофы. Беларусь прымала самы непасрэдны ўдзел у гэтай вайне і тэрытарыальнымі разбурэннямі і дэмаграфічнымі стратамі. Два с палавой гады фронт стабільна стаяў на тэрыторыі Беларусі. Ен працягнуўся на 400 км ад Браслаўскіх азёр на поўначы да Палесся на поўдні. За гэтыя гады на Беларусі былі пабудаваны сотні баявых узмацаванняў і іншых пабудоў, якія дайшлі да нашага часу. І можна смела сцвярджаць, што ні адна вайна не пакінула столькі матэрыальных слядоў на тэрыторыі Беларусі, колькі іх пакінула Першая сусветная вайна. Гісторыя гэтай вайны напісана па ўсёй тэрыторыі Беларусі,  напісана мовай акопаў, разбураных храмаў, многія з якіх і зараз стаць руінамі, мовай могілак. І калі мы гэтую мову навучымся разумець, то нам будзе прасцей зразумець гісторыю Першай сусветнай вайны. На тэрыторыі Беларусі прайшло некалькі буйных вайсковых аперацый. Трэба выдзеліць Свянцянскі прарыў і Смаргонскую абарону, якая працягвалася 800 дзён. У 2015 годзе адзначалася стагоддзе гэтых аперацый. У 2016 годзе споўніцца  сто гадоў  самых крывавых аперацый: вясной – Нарачскай, летам – Баранавіцкай аперацыі. У названых аперацыях загінулі сотні тысячаў салдат з абоіх бакоў. І тут узнікае такое пытанне: раз яны загінулі і засталіся на беларускай зямлі, то дзе яны ляжаць? Трэба прызнаць, што за мінулае 20 стагоддзе большасць з гэтых мясцовых пахаванняў была страчана. Але многія з іх уцалелі і дайшлі да нашага часу. Некаторыя з іх адноўлены, за імі добры нагляд. Аднак некаторыя забыты і знаходзяцца ў гаротным стане. Лічыцца, што на тэрыторыі Беларусі знаходяцца каля 100 пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны. За 10 гадоў пашуковай справы ў маім каталозе іх ужо 320. І гэта толькі тыя, на якіх я асабіста пабываў і паглядзеў на іх. А ёсць значна больш. У мінулым годзе, калі я быў удзельнікам краязнаўчых чытанняў у Баранавічах, ён здзівіўся, што ёсць сярод жыхароў горада і раёна такія людзі, якія ведаюць сваіх землякоў- удзельнікаў Першай сусветнай вайны і ведаюць, хто пахаваны ў магілах тых часоў на іх землях. Дзякуючы Баранавіцкай сустрэчы Багданаў знайшоў новыя аб’екты з цікавай гісторыяй і цікавай фактурай. Патэнцыял такіх сустрэч застаецца вельмі высокім. Як сцвяржае Уладзімір Багданаў.
Тэрытарыальна гэтыя 320 бацьковых пахаваннях размешчаны так:
Больш за ўсё – у Гродзенскай вобласці – 124 (Смаргонскі раён – 46, Гродзенскі – 21, Ів’еўскі – 20 і гэтак далей).
У Брэсцкай вобласці – 81 пахаванне (Баранавіцкі раён – 16, Пінскі – 16 і гэтак далей).
У Мінскай вобласці – 64 месца (Мядзельскі раён - 18, Валожынскі раён - 18)
У Мінску – 1 пахаванне - могілкі пад Старажоўскім рынкам, якія мясцовыя ўлады хацелі разбурыць. Краязнаўцы адстаялі гэтае пахаванне і пабудаваны там мемарыал.
Віцебская вобласць – больш за 40. 30 з іх у Паставах (усе пахаваныя там людзі  загінулі ў адзін дзень - 21 сакавіка 1916 года ў ходзе Нарачскай аперацыі).
Што тычыцца нацыянальнагу раскладу пахаваных на могілках у Беларусі, то ён такі: ёсць могілкі, дзе пахаваны толькі расійскія солдаты. Іх каля 150. Нават на агародзе у аднаго чалавека з Карэліцкага раёна стаіць  помнік на могілках расійскіх салдат. Ёсць таксама нямецкія і аўстра-венгерскія могілкі. Іх - 180. Ёсць і змешаныя пахаванні (расійскія солдаты пахаваны разам з нямецкімі) - такія пахаванні тычацца толькі Першай сусветнай вайны. На Беларусі іх налічана больш за 60. У вёсцы Дзедкавічы Драгічынкага раёна на помніке над могілкамі каля царквы ёсць такі надпіс: забіты на французскім фронте амерыканскі воін Зінаў жыў 22 гады,  быў забіты ў 1917. Як амерыканец трапіў у Беларусь?
Захаваліся аб’екты Першай сусветнай вайны. Гэта – помнікі (іх 80),  драўляныя крыжы, індывідуальныя надмагіллі, пабудаваныя пад час акцыі Чырвонага Крыжа ў 20-30 гады 20 стагодзя. У СССР  праца па захаванні памяці не вялась, помнікі ставіліся толькі на вясковым узроўні. Першы помнік расійскім салдатам, загінуўшым у часы Першай сусветнай вайны, з’явіўся у 1965 годзе на Палессі. Там, калі аднаўлялі помнікі да 20-годзя Вялікай Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне, хацелі выкінуць помнік Першай сусветнай. Але краязнаўцы папрасілі сахраніць яго і паставіць  над брацкай магілай. Там ён і стаіць.
Сучасны стан помнікаў такі: палова захараненняў Першай сусветнай вайны знаходзіцца ў добрым стане, другая палова – пахаванні праблемныя. Больш за 30 могілак разрыты тымі, хто штосьці каштоўнае шукае там.

Праца па захаванню могілак вядзецца, дапамагаюць валанцёры. Цяжкасцей хапае. Але, як сцвяржае Уладзімір Багданаў, нам не будзе вельмі сорамна, што мы нічога не робім па ўшанаванню нашай гісторыі.

Выклад напісала Сырыца Таццяна.

Святое поле і ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы

(выклад з відэазапісу выступлення)


Ніна ЗАГОРСКАЯ


Экспедыцыя на Святым полі каля вёскі Загор'е пад Баранавічамі

У 1983 годзе на Святым полі каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна былі разабраны магілы, застаўшыяся ад часоў Паўночнай вайны. У іх былі пахаваны шэсць тысяч шведаў і адна тысяча пятроўскіх ваяроў. З астанкаў забітых была насыпана Залатая гара – па вышыні, як Курган Славы пад Мінскам. Усю працу рабілі дарожнікі Урала, бо беларускія будаўнікі адмовіліся разбіраць могілкі. Калі раскопвалі магілы, ў адным з каўшоў з’явілася металічная ікона, як аказалася гэта была ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Напэўна яна знаходзілася ў царкве Іанна Хрысціцеля, якая стаяла каля вёскі Малая Каўпеніца. У 1916 годзе на месцы царквы нямецкія салдаты пабудавалі доты – тры генеральскіх і некалькі камандных. Немцы былі ў Загор’і, і на Святым полі.
Ікона, з’явіўшаяся на Святым полі, як сказаў вучоны Мікола Ярмаловіч – гэта добры знак. І таму прапанаваў будаваць царкву ў гэтым месцы і аддаў на будаўніцтва свой заробак – 250 рублёў. Па яго прыкладу людзі давалі свае грошы і было сабрана 188 млн. рублёў. На асвяшчэнне царквы ў Загор’е прыехалі владыка Філарэт і владыка Павел. Яны прапанавалі прывезці благадатны агонь з Іерусаліму і асвяціць на святой зямлі ў Іерусаліме надгробіе гасподне для Загорскай царквы.У гэтае паломніцтва паехалі Анатоль Дульчык, рэстаўратар з Баранавічаў і Андрэй Петрашкевіч, прэс-сакратар Філарэта.
Вось ўжо 22 гады вернікі Баранавіцкага раёну носяць ікону і благадатны агонь вакол Загорскай царквы ў дні беларускага пісьменства, ў верасні. Над святым полем кружаць буслы. А калісці на радзіме Пятра Клімука Ніне Загорскай і яе паплечнікам сказалі, што да гэтай іконы ніхто не ходзіць.
Ніна Загорская рассказала, што такія іконы былі нашытыя на харугвах імператарскіх палкоў з сярэдзіны 17 стагодзя. Гэтыя іконы знаходзіліся ў той час і ў беларускіх храмах. У адным з такіх храмаў, у весцы Дуброўна вянчаліся бацька і маці Салжаніцына. Там у 2,5 кіламетрах ад Шчары былі знойдзены могілкі. Са слоў Міхася Загорскага, у гэтых магілах былі раскапаны 82 чэрапа і астанкі нямецкіх солдат у ботах. Людзі празвалі гэта месца Чорнай далінай смерці. І толькі ў 1994 годзе яна перастала быць далінай смерці, калі, дзякуючы намаганням Берната Міхаіла Язэпавіча, у той час супрацоўніка аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама, быў прывезены вялікі камень пакаяння з вёскі Крашын, з  радзімы Паўлюка Багрыма, з парку Антаніны Радзівіл. Ніна Загорская прыняла ўдзел ва ўсталяванні каля гэтага камня 7 мятровага драўлянага дубовага крыжа памяці.
Ніна Загорская заклікала краязнаўцаў Баранавічаў аднаўляць магілы, помнікі, памяць, сакральныя святыні і тым самым працаваць на будучыню. Для гэтага трэба зрабіць міжнародны цэнтр памяці духоўнай, а вёска Русіны Баранавіцкага раёна і такія краязнаўчыя чытанні павінны стаць яго падмуркам.
Пісьменнік Уладзімір Караткевіч сказаў, што на Беларусі Бог жыве. Ніна Загорская раздала ўдзельнікам чытанняў іконкі і запаліла свечку з благадатным агнём. Вось такая металічная ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы тушыла пажары, мірыла вернікаў. Яна, па словах Ніны Загорскай, шляхаводная і таму сіла яе бясконцая.

Выклад напісала Таццяна Сырыца.

Праект: “Лінія фронта ў гады Першай сусветнай вайны ў раёне Дуброўна, Баранавіцкага раёна”

(выклад з відэазапісу выступлення)


Балеслаў ТУМАШЧЫК

былы галоўны архітэктар г. Баранавічы



Я пакажу вам па карце і на фота, дзе знаходзіцца гэтая тэрыторыя, па якой праходзіла лінія фронта ў гады Першай сусветнай вайны. Вось - траса М1, вось –Дуброўна, вось сістэма дарог – на Мінск з аднаго боку, і на Баранавічы з другога боку. А вось гэта лінія фронта ў часы Першай сусветнай вайны. Захавалася лінія абароны з боку нямецкіх войскаў, з боку рускіх яна не захавалася. Таксама захаваўся нямецкі дот, які стаць у полі. Мэта праекта, распрацаванага маёй дачкой – кандыдатам навук, выкладчыцай Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта – будаўніцтва на месцы, дзе праходзіла лінія фронта музея з экспазіцыяй, прысвечанай Першай сусветнай вайне, стаянак з абодвух бакоў дарогі, кафэ, залы для лекцый і цэнтральнай залы з  сімвалічнай скульптурай  ангелаў – сімвал таго, што вайна ўраўняла загінуўшых салдат – рускіх і нямецкіх. Уваход у музей зроблены  пад зямлёй, каб не пашкодзіць навакольны ланшафт. Музей плануецца ў гэтым месцы таму, што на гэтым участку трасы самы вялікі паток руху з Расіі ў Еўропу. Плануецца зрабіць мемарыяльны комплекс. Яле на самой справе вельмі шмат цяжкасцей. Трэба карыстацца Інтэрнэтам – выкладаць усю накопленую інфармацыю, наносіць на карту знойдзеныя пахаванні, помнікі часоў Першай сусветнай вайны. Я гатовы вам дапагчы ў гэтай справе, бо мне, як архітэктару, працаваць з картай і знакамі не цяжка.

Выклад напісала Таццяна Сырыца.

“Помнікі ахвярам Першай сусветнай вайны ў в. Вялікая Сваротва(Баранавіцкі раён) – спробы грамадскасці па рэстаўрацыі гістарычнага месца”.

ыклад з відэазапісу выступлення)


Віктар СЫРЫЦА

старшыня Баранавіцкай РадыТаварыства беларускай мовыімя Францыска Скарыны


Занядбаныя помнікі ахвярам
Першай сусветнай вайны ў вёсцы Вялікая Сваротва.
У Вялікай Сваротве трэба аднавіць помнік ахвярам Першай сусветнай вайны. У арганізацыі ТБМ такі вопыт аднаўлення ўжо ёсць. У 2010 годзе ў вёсцы Палонка Баранавіцкага раёна аднавілі помнік, пастаўлены ў 1992 годзе. Сябры ТБМ на лейцах паднялі 300-кілаграмовы помнік і паставілі яго на бетон. І вось стаіць помнік ужо 5 гадоў, людзі прыходзяць да яго, ускладаюць кветкі.
Ці зможам мы аднавіць помнік у В.Сваротве? Справа

ў тым, што ўвогуле многія месцы могілак Першай сусветнай вайны занядбаны. Месцамі вядзецца паўторнае пахаванне сучасных нябошчыкаў, а астанкі воінаў вывозяць на дарогу. Актывісты ТБМ вырашылі з гэтым змагацца. 
Вось фота могілак і помніка ахвярам Першай сусветнай вайны пад Русінамі (Літоўскі лес). Помнік аднавілі сучасныя жыхары Германіі, немцы. Яны зрабілі ўсё хораша і прыгожа.
Так трэба зрабіць і ў Вялікай Сваротве. На жаль, мясцовыя вандалы ўсё разбілі, разруйнавалі і расцягнулі. Трэба спяшацца, пакуль засталіся камяні з былога помніка і іх не расцягнулі на гаспадарчыя патрэбы. Тым больш, што з гэтага помніка захавалася мемарыальная пліта з прозвішчамі і інфармацыяй аб пахаваных там і прызнаных героямі воінаў, загінуўшых у 1917 годзе.
Да таго, у Сваротве знаходзіцца адзіная ў Беларусі і нават у Еўропе трохкутная царква. Яна занесена ў спіс помнікаў ЮНЭСКА. Таму аднаўленне помніка нямецкім героям, які стаіць каля самай дарогі – гэта справа гістарычнай памяці. Сябры Таварыства беларускай мовы звярталіся за дапамогай да раённых улад, прапануючы зрабіць справу па аднаўленню помніка разам з райвыканкамам (старшыня Хвацік). Быў напісаны ліст старшыні Пачапаўскага сельскага савета, у склад якога ўваходзіць В.Сваротва, з прапановай разам з ТБМ прыбраць гэтую тэрыторыю і ўсталяваць помнік. Старшыня сельсавета адгукнуўся і пагадзіўся працаваць сумесна з ТБМ. Звярталіся да Генеральнага консула Аўстрыі з прапановой наладзіць сувязі з арганізацыямі, якія займаюцца справай аднаўлення гістарычнай памяці свайго народа. Бо трэба знайсці карані тых, хто пахаваны на Баранавіцкай зямлі. Напісалі ў Галоўнае ўпраўленне па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны. Саставілі цэлы спіс вёсак, дзе знойдзены невядомыя пахаванні на Баранавіцкай зямлі.  Знайшлі фірму ”Мемарыял сервіс граніт”, якая распрацавала макет помніка. Цэлых пяць месяцаў фірма рабіла гэты макет, цягнула час. І справа яшчэ не завершана. Зараз трэба зрабіць каштарыс – распісаць колькі ўсё будзе каштаваць. І потым звязацца з Аўстрыйскай амбасадай на конт выдзялення сродкаў.

Прапануецца два варыянты помніку. 




Вось такі выгляд рэканструяванага помніка ў Вялікай Сваротве прапануе дызайнер фірмы “Мемарыял сервіс граніт”.
Праца вядзецца – і гэта галоўнае.  Мы вельмі ўдзячны газеце “Інтэкс-прэс” за рэпартаж аб могілках часоў Першай сусветнай вайны ў вёсцы Вольна Баранавіцкага раёна. Галоўная мэта ўсёй гэтай справы – прыцягнуць увагу грамадскасці і дзяржаўных структур да гістарычнай памяці, да ўвекавечання памяці ахвяраў войн.

Выклад паводле відэазапісу напісала Сырыца Таццяна.

Першая сусветная вайна на фотаздымках Язэпа Стаброўскага


Сяргей ЧЫГРЫН (Слонім)


Язэп Стаброўскі (1870-1968).
100 гадоў таму — 1 жніўня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна. З пачаткам яе ў Беларусі разгарнулася мабілізацыя вайсковаабавязаных беларусаў на вайну. З аб’яўленнем мабілізацыі 17 ліпеня 1914 года і ў адпаведнасці з сакрэтным прадпісаннем камандзіра трэцяй грэнадзёрскай артылерыйскай брыгады на выпадак вайны за № 675, выдадзенае ў 1913 годзе, на вайну быў мабілізаваны і Язэп Стаброўскі (1870-1968) са Слоніма. Той самы Язэп Стаброўскі, які вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе, а потым працягваў вучобу ў Аляксандрыйскім артылерыйскім вучылішчы, дзе пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным. Той самы Язэп Стаброўскі, які перапісваўся з Львом Талстым. А ў час ганення Талстога царскім урадам, піша яму шчырае пісьмо ў знак падтрымкі пісьменніка, што нават у палку, дзе ён служыў, гэтым учынкам былі ўсе здзіўленыя. Той самы Язэп Стаброўскі, які служыў на Каўказе і вёў баі з Шамілём. Той самы Язэп Стаброўскі, які даслужыўся да палкоўніка, меў шмат ордэнаў і медалёў, які скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства. Той самы Язэп Стаброўскі, які восенню 1924 года арганізаваў у Слоніме выставу старадаўніх дакументаў і кніг, якія збіраў шмат гадоў. Выстава тады выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля яе закрыцця ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Язэп Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад слонімскімі наведвальнікамі 20 верасня 1929 года. Той самы Язэп Стаброўскі, які прызнаны яго землякамі самым знакамітым слонімцам ХХ стагоддзя.
Але гэта будзе пазней. А тады, з пачаткам Першай сусветнай вайны, Язэп Стаброўскі прыступіў да фарміравання 55-й артылерыйскай брыгады, якую і сам узначаліў. Вайну ён сустрэў на паўночна-заходнім тэатры баявых дзеянняў.
         Нямецкія войскі наступалі на Маладзечна, а аўстрыйцы — у раёне г. Сокал. Таму дзве рускія арміі пачалі адступаць, каб не трапіць у акружэнне. Сярод адступаючых была і 55-я пяхотная дывізія, да якой належала 55-я артылерыйская брыгада, якой камандаваў Язэп Стаброўскі. Пра гэта ён успамінаў: “ І вось усе атрады, якія знаходзіліся на плацдарме каля ракі Раўкі ў Польшчы, пачалі ўцякаць, бо германа-аўстрыйскія войскі не паспелі нам адрэзаць адступленне, і мы, паражняком, без баявых прыпасаў, якіх не хапала, без адпачынку, прайшлі і праехалі 900 км і дасягнулі мястэчка Турэц Мінскай губерні, дзе і размясціліся на зімоўку…”.
         Адной з галоўных прычын такога развіцця падзей Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі называў шпіёнскую дзейнасць, якая была разгорнута немцамі на фронце і ў тыле арміі Расійскай імперыі. “Усім было вядома, што рускі фронт быў перапоўнены афіцэрамі нямецкай нацыянальнасці і прытым на вышэйшых камандных пасадах”, — пісаў Язэп Стаброўскі ў сваіх запісах, якія захоўваюцца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі. Язэп Стаброўскі ўзгадвае пра двух затрыманых пры яго непасрэдным  удзеле шпіёнах. Адзін быў вельмі ветлівы, і нават перад простымі салдатамі здымаў капялюш, які яго і выдаў. Як аказалася пасля затрымання, ён даўно знаходзіўся ў вышуку. Другога позна вечарам Стаброўскі сам заўважыў. Невядомы чалавек размаўляў з салдатамі. Яго затрымалі, але ніякіх дакументаў пры ім не знайшлі, акрамя аднаго рубля, які Стаброўскі ўзяў, як рэчавы доказ і пад канвоем адправіў затрыманага чалавека да каменданта штаба корпусу. Аказалася, што нумар рубля быў яго канспірацыйным нумарам. Пазней шпіёна адправілі ў камендатуру Варшаўскай крэпасці.  
Калі 55-я артылерыйская брыгада знаходзілася каля горада Блонь недалёка ад Варшавы, адной з найважнейшых праблемаў, якая паўстала перад Стаброўскім, гэта было наладжванне сувязі, якая пастаянна перарывалася. Кабель часта абрэзвалі спецыяльна падрыхтаваныя людзі. Аднойчы вайскоўцы затрымалі яўрэя з Блоні, які хацеў перарэзаць тэлефонны кабель. За гэта яго расстралялі. Але ўсе роўна тэлефонныя кабелі псавалі. Тады Язэп Стаброўскі знайшоў выйсце. Ён загадаў узяць трох заложнікаў: равіна, настаўніка і аднаго простага яўрэя і сказаў, што, калі будзе яшчэ абрывацца тэлефонная сувязь — заложнікі будуць расстраляныя. Мясцовыя жыхары-яўрэі забілі трывогу і накіравалі да Стаброўскага асобную дэлегацыю з прапановай дазволіць ім наглядаць і ахоўваць тэлефонную лінію. Язэп Стаброўскі адпусціў заложнікаў, а тым, хто сачыў за лініяй, выдаў асобныя нумары, якія нашываліся на вопратку і гэтыя людзі прыступілі да аховы. З таго часу тэлефонная сувязь больш не псавалася.
У баі з немцамі на рацэ Раўка пад Баржынёвым 18 мая 1915 года Язэп Стаброўскі быў атручаны ўдушлівым газам. Але яго ўдалося выратаваць. У лістападзе 1915 года ён прымае актыўны ўдзел у баях каля Баранавіч, у 1916 годзе — у баявых дзеяннях каля возера Нарач. Загадам № 3307 галоўнакамандуючага арміяй Заходняга фронту Язэп Стаброўскі быў узнагароджаны ордэнам Святога Раўнаапостальскага князя Уладзіміра 4 ступені, да якога дадалі яшчэ мячы і каснік. 7 чэрвеня 1916 года Стаброўскі атрымаў званне палкоўніка рускай арміі, а яго 55-я артылерыйская брыгада была перайменавана ў 55-ы паркавы артылерыйскі дывізіён. У канцы 1916 года Язэп Стаброўскі атрымаў яшчэ адзін ордэн Святога Раўнаапостальскага князя Уладзіміра 3 ступені, а таксама — ордэн Святой Ганны другой ступені з мячамі.
У войску Язэп Стаброўскі знаходзіўся ажно да красавіка 1918 года. А калі пайшоў у адстаўку, вярнуўся ў родны Слонім і да канца жыцця займаўся краязнаўствам, гісторыяй, археалогіяй.

У гады Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі не толькі ваяваў, але вёў запісы і фатаграфаваў будні салдат, жахі вайны, людское гора. А калі прыехаў у Слонім, то зрабіў адмысловы альбом са здымкамі. Гэты альбом ён назваў “Крывавым следам”. Ён налічвае 300 фотаздымкаў. Кожны здымак Стаброўскі падпісваў, рабіў невялікі каментар. Альбом Язэпа Стаброўскага збярогся да сённяшніх дзён. Ён захоўваецца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага. Прапаную некалькі здымкаў Першай сусветнай вайны Язэпа Стаброўскага.

На вайсковым аглядзе.

Маленькі бежанец, які згубіў сваіх бацькоў.

Сіроты.

Ажыўленне кіслародам тых, хто атруціўся газам.

Нямецкія сёстры міласэрнасці.

Рэзерв.

Свежыя магілы.